Вокладка

Дзе паслухаць

Апісанне

Выданне “Бабуліны песні”— гэта спроба выказаць невымоўную любоў і павагу да маёй бабулі Антаніны Мікалаеўны Аляксеевай (Бекарэвай), у голасе якой нібыта звіняць усе дарогі яе няпростага жыцця.

Мая бабуля нарадзілася ў 1943 г. у вёсцы Друцыяны Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці. З ранняга дзяцінства і цягам усяго жыцця яна спявае песні. Пра сябе кажа: “У мяне мамкін голас”, бо вучылася спяваць ад сваёй маці Вольгі Іванаўны Бекарэвай (Казловай), у гонар якой мяне назвалі. Нягледзячы на тое, што больш за 50 гадоў Антаніна Мікалаеўна жыве ў вёсцы Каралева Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці сярод старавераў, яна захавала фанетычныя асаблівасці гаворкі Манастыршчынскага раёна, якая адносіцца да віцебска-магілёўскай групы гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы. І абрадавы рэпертуар, і манера спеву ў бабулі — “усходняя”, г.зн., што яна прадстаўляе песенную традыцыю Магілёўска-Смаленскага памежжа. 

Дзякуючы таму, што бабуля амаль кожны дзень спявае, яна мае надзвычай звонкі голас, які аднолькава багата гучыць ва ўсіх рэгістрах яе дыяпазона, роўнага амаль дзвюм актавам. Яе выкананне песень адзначана свабоднай меладыйнай, рытмавай імправізацыйнасцю, а таксама артыстычнай падачай, “манерным” інтанаваннем і “пражываннем” кожнага слова, якое спяваецца. 

Для мяне голас бабулі з’яўляецца своеасаблівым гукаідэалам, да якога хацелася б наблізіцца ў будучыні. Таму я вельмі рада, што мне пашчасціла пачуць, як спявае мая бабуля, прыслухацца да яе, павучыцца і нават паспяваць разам.

Наўрад ці можна перадаць адчуванне, калі спяваеш са сваёй роднай бабуляй. Гэта тое, што я пранясу з сабой праз усё жыццё, змагу паказаць сваім дзецям і ўнукам, а гэта значыць, што ў песнях мая бабуля будзе жыць вечна. 

Тры песні “Ля калодзезя”, “ Ня куй, Жэнечка” і “Чырвоная вішня” гучаць у маім выкананні, бо адна з галоўных мэтаў выдання “Бабуліны песні”— паказаць пераемнасць песеннай традыцыі ад бабулі да ўнучкі. Я імкнулася, наколькі гэта магчыма, перадаць дыялектныя асаблівасці і манеру выканання бабулінага спеву. Менавіта падчас запісу да мяне прыйшло разуменне таго, што праспяваць дакладна так, як робіць гэта мая бабуля— мэта недасягальная, бо не стае яшчэ жыццёвага вопыту, мудрасці і, галоўнае, глыбока ўнутранага перажывання песні. 

Матэрыялы выдання “Бабуліны песні” фіксаваліся мной цягам 2014–2018 гг. на дыктафон тэлефона. Запісы маюць сярэднюю якасць, але варта адзначыць, што ўсе гутаркі і песні, якія вы пачуеце на дыску, вельмі шчырыя, натуральныя і свабодныя, за выключэннем тых выпадкаў, дзе бабуля спецыяльна звяртаецца да слухачоў, распавядаючы пра даўнейшы лад жыцця.

Хочацца верыць, што мой досвед натхніць людзей, у якіх яшчэ жывыя бабулі і дзядулі, не забывацца на іх, часцей прыязджаць на госці і ўважліва слухаць , бо яны заўсёды чакаюць нас – сваіх унукаў.

Выказваю шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання Яўгену Барышнікаву і Анастасіі Даніловіч.

Вольга Фёдарава

 

Усе трэкі ў выкананні Антаніны Аляксеевай запсіаныя ў в. Каралева Шаркаўшчынскага р-на Віцесбкай вобласці ў 2014–2018. Трэкі №№9, 25, 26 выкананыя В. Фёдаравай і запісаныя ў Мінску ўвесну 2018 г.

Запіс і падбор трэкаў, набор тэкстаў песень: Вольга Фёдарава
Фота на вокладцы: Анжэла Cвілёнак
Гуказапіс трэкаў №№9, 25, 26, апрацоўка аўдыё, дызайн вокладкі: Яўген Барышнікаў


Трэкліст

  1. Пра даўнейшае жыццё і святы
  2. "Ня куй, Васенька, сталянова нажа" (вяселле, як едуць па маладую)
  3. "Дружкі на парог лезут" (вяселле, як уваходзяць у хату маладой)
  4. Пра песні ("Што-нібудзь дзелаю і паю...")
  5. "Как пайду я даляды-даляды" (масленіца)
  6. Пра веснавыя песні ("Мы ж вясной усё ўремя...")
  7. "[Па блоні] вада разліваецца" (вясна)
  8. Пра песню "Ля калодезя"
  9. "Ля калодзея, ля сцюдзёнава" (вясна) — Вольга Фёдарава
  10. Пра валачобнікаў
  11. "Валачобныя, людзі добрыя" (вялікдзень)
  12. Пра вячоркі
  13. "[Наш Сашэнька] — рабацяшэнька" (жартоўная)
  14. Пра жніво і жаночыя галасы
  15. "Аддавалі маладу на семнаццатым гаду" (жартоўная)
  16. Прыпеўкі ("Ка мне мілый ходзіт-ходзіт...")
  17. Прыпеўкі пад "Сямёнаўну" ("Ой, саперніца, чіво ты сердзісся?..")
  18. Прыпеўкі пад "Сямёнаўну" ("Ой, я-я-я-я, какая жізнь мая...")
  19. Прыпеўкі пад "Страданія" ("Ой, страданіе маё па лесу раздавалася...")
  20. "Как на кладбіщі мітрафанаўскам ацец дочку зарезал сваю" (жорсткі раманс)
  21. "Это было на юге, где каштаны цветут" (танга)
  22. Пра маткін голас
  23. "Чірвоная вішня с-пад кореня вышла" (лірыка)
  24. Пра свой дом
  25. "Чірвоная вішня с-пад кореня вышла" (лірыка) — Вольга Фёдарава
  26. "Ня куй, Жэнечка, сталянова нажа" (вяселле, як едуць па маладую) — Вольга Фёдарава


Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.12.2024 17:37:48

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.