Аўдыёальбом, які вы трымаеце ў сваіх руках – гэта наша спроба дакрануцца да ўнікальнай традыцыйнай музычнай спадчыны Полаччыны – гістарычнай вобласці, тэрыторыя якой стала некалі ядром фарміравання старажытнай Крывіцкай зямлі.
Наша мэта – стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка.
Кожны, хто меў магчымасць слухаць аўтэнтычных выкананаўцаў, вясковых бабуль і дзядуляў, мог адчуць тую вялікую жыццесцвярджальную сілу, якая сыходзіць ад гэтых людзей. Гэтая сіла дапамагла нашым продкам выстаяць у мінулыя ліхалецці і перадавалася з пакалення ў пакаленне стагоддзямі. Таму для нас важна было паспрабаваць наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання традыцыйнай музыкі, перадаць яе жывую энергетыку.
У альбоме прадстаўлены песні і інструментальныя кампазіцыі, якія даўней гучалі на полацкай зямлі і арганічна ўпляталіся ў гадавое каляндарнае кола. Большасць песень паходзіць з тэрыторыі сучаснага Полацкага раёна (1, 2, 4, 6, 10, 13, 14, 15, 17), а таксама суседніх раёнаў – Ушацкага (7, 9), Глыбоцкага (11), Лепельскага (8). Некалькі песень (1, 6, 17) былі запісаны Ганнай Лутавай ад сваёй бабулі, Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з в. Шастова Полацкага раёна. Дзве з іх гучаць у сольным выкананні Ганны Лутавай.
Сярод іншых гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларускае Падзвінне вылучаецца панаваннем аднагалосага спеву. Таму ўсе песні, прадстаўленыя ў альбоме, выкананы “на адзін голас”. Яшчэ адной адметнасцю Полаччыны з’яўляецца антыфоннае выкананне купальскіх песень. Узор антыфоннага спеву можна пачуць на прыкладзе песні “Ішла Купалка сялом, сялом” (4). Інструментальная музыка гучыць у выкананні ўдзельнікаў гурта “Варган” Кастуся Путронка (гармонік, варган), Антаніны Емяльянчык (скрыпка), Яны Храмцовай (бубен).
Музычны партрэт Полаччыны не быў бы поўным без такіх знакавых для рэгіёна старажытных інструментаў, як дуда і колавая ліра. Дудовыя найгрышы “Заручыны” (8), Лявоніха” (16), а таксама колавая ліра (13) гучаць у альбоме ў выкананні вядомага музыкі, этнографа і мастака Алеся Лася. Цымбалы ў выкананні Алесі Сівохінай узбагацілі гучанне інструментальных кампазіцый альбома (3; 5; 12).
У альбоме прысутнічаюць і элементы рэканструкцыі. Так, вы пачуеце гучанне варгана – старажытнага інструмента, які быў пашыраны на нашых землях з часоў ранняга сярэднявечча. Некалькі варганаў было знойдзена падчас раскопак у старажытным Полацку маладым полацкім археолагам, Аляксеем Коцам, аднім з удзельнікаў гурта “Варган”. Для нас варган сімвалізуе своеасаблівы “партал”, які дазваляе вандраваць ў прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў.
Аўдыёальбом прызначаны для аматараў беларускага фальклору, а таксама для ўсіх, хто хоча адкрыць для сябе стылістыку аўтэнтычнага гучання беларускай музыкі.
Кіраўнік гурта “Варган” Вольга Емяльянчык
Шчыра дзякуем
За натхненне і ўсебаковую падтрымку ў падрыхтоўцы альбома – Сяргею Доўгушаву
За творчую падтрымку і дапамогу ў гуказапісе – Алесю Ласю і Алесі Сівохінай
За навуковыя кансультацыі і прадстаўленыя этнаграфічныя матэрыялы – Уладзімеру Лобачу
Запіс, звядзенне, мастэрынг
Алесь Лось (№№ 3, 5, 8, 12, 13, 16)
Арцём Петрашкевіч і Валерый Беляеў (№№ 1, 2, 4, 6, 7, 9, 10, 11, 14, 15, 17)
Удзельнікі гурта “Варган”: Наталля Буркова, Ксенія Глот, Антаніна Емяльянчык, Вольга Емяльянчык, Ціхан Зінкевіч, Алена Ізергіна, Мая Клёс, Ганна Лутава, Кастусь Путронак, Стась Сілка, Яна Храмцова, Дзяніс Яцкевіч.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.