Любая этнічная культура па сваёй прыродзе дыялектная, г.зн. прадстаўлена ў той ці іншы перыяд часу шэрагам лакальных варыянтаў або культурных дыялектаў. У сувязі з гэтым безумоўную цікавасць для рэгіянальных і арэалагічных даследаванняў прадстаўляюць выданні, якія комплексна паказваюць этнічную культуру рэгіёна ў разнастайнасці яго лакальных традыцый.
Адным з такіх выданняў з’яўляецца серыя “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, прысвечаная комплекснаму паказу аўтэнтычных форм асноўных відаў і жанраў народнай культуры ўсіх шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Кожнаму з іх прысвечаны асобны том:
Такім чынам серыя змяшчае 6 тамоў у 10 кнігах. Пачынаючы з 4-га тома, кожная кніга суправаджаецца гукавымі электроннымі дадаткамі (CD-ROM), у якіх прадстаўленыя народные спевы і народная проза ў выкананні вясковых выканаўцаў (запісы, зробленыя пераважна падчас экспедыцый).
У розныя гады работа над выданнем ажыццяўлялася Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры пры падтрымцы Міністэрстваў культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама абласных упраўленняў культуры.
У канцэпцыю выдання закладася ідэя паказу сучаснага стану вуснай традыцыі так, як яна бытуе зараз у рэгіёнах нашай краіны ў актыўнай і пасіўнай формах. У сувязі з гэтым у кнігах апублікаваны менавіта запісы сучасных палявых даследаванняў (1993–2012 гг.), без перадрукоўкі фрагментаў іншых выданняў. У метадалагічным плане аўтары мелі мэтай, каб публікуемы матэрыял адпавядаў крытэрыям аб’ектыўнасці, навуковасці, сістэмнасці, комплекснасці, верыфікаванасці і этычнасці. Усяго абследавана 1 326 населеных пунктаў, апытана больш за 4,5 тысячы інфармантаў. Шмат матэрыялаў па розных відах і жанрах традыцыйнай культуры беларусаў публікаваліся ўпершыню і былі ўведзены у шырокі навуковы і культурны ўжытак, што дае багатую базу для параўнання з дадзенымі, зафіксаванымі ў класічных зводах Е. Раманава, У. Дабравольскага, А. Сержпутоўскага, Ч. Пяткевіча, М. Федароўскага, П. Шэйна, О. Кольберга і інш.
З першага па апошні том у кожным раздзеле аўтары імкнуліся як мага больш “даць слова” самім носьбітам традыцыі: і ва ўспамінах пра каляндарную і сямейную абраднасць, і ў апісаннях народнага адзенння і тэктылю, і ў народнай прозе, малых жанрах, замовах і інш. Пачынаючы з 2-га тома ў раздзеле “Народная проза” акрамя ўстойлівых жанравых форм (казак, легенд, былічак, вусных бытавых расказаў і інш.) прадстаўлены па-за жанравыя дыскурсіўныя формы, дзе носьбіты традыцыі ў размовах са збіральнікамі разважаюць на важныя светапоглядныя тэмы: пра веру, вераванні, звычаі, былы і сучасны быт, этнаканфесійныя зносіны і стэрэатыпы і да т. п. Пры гэтым, ва ўсіх раздзелах, дзе гучала маўленне вясковых інфармантаў, аўтары максімальна захоўвалі і перадавалі пісьмовымі сродкамі дыялектныя гаворкі, індывідуальную манеру выканання, адлюстроўвалі (пазначэннем у дужках) некаторыя невярбальныя сродкі камунікацыі (смех, некаторыя інтанацыйныя моманты, павышэнне і паніжэнне голасу).
Адметнасцю серыі з’яўляецца аднатыпная структура ўсіх тамоў, якія складаюцца з наступных раздзелаў: ”Прадмова“, нарыс, які змяшчае асноўныя гісторыка-этнаграфічныя звесткі па рэгіёну (аўтар В. С. Цітоў), ”Каляндарныя святы, звычаі і абрады“ (у розных тамах аўтары Т. І. Кухаронак, Т. В. Валодзіна, В. І. Басько, І. Ю. Смірнова, у 2-м т. А. М. Боганева, музычная-песенная частка — Т. Б. Варфаламеева), ”Сямейныя звычаі і абрады“ (аўтары Т. Б. Варфаламеева, Т. І. Кухаронак, у 1-м т. У. М. Сысоў, у 2-м І. С. Катвіцкая), ”Пазаабрадавыя песні“ (Т. Б. Варфаламееева, І. В. Мазюк), ”Інструментальная музыка“ (М. А. Козенка), ”Танцавальны фальклор“ (М. А. Козенка), ”Народныя гульні“ (М. А. Козенка), ”Народная проза“ (А. М. Боганева, у 1-м т. І. І. Крук), ”Малыя жанры фальклору“ (Т. В. Валодзіна), ”Замовы“ (Т. В. Валодзіна), ”Традыцыйнае адзенне“ (І. Ю. Смірнова, у 1-м т. М. Ф. Раманюк, у 2-м Н. А. Бабровіч, у 4-м М. М. Віннікава), ”Традыцыйны народны тэкстыль” (В. А. Лабачэўская). У 2-м томе маецца раздзел, прысвечаны ганчарству Віцебшчыны (Л. У. Вакар). Аднастайная кампазіцыя ўсіх тамоў палягчае працу і даследнік той або іншай тэмы лёгка можа адшукаць патрэбны матэрыял у адпаведным томе.
Усе кнігі багата ілюстраваны, а часткі, прысвечаныя спевам, музыцы, танцам суправаджаюцца вялікай колькасцю нотных прыкладаў, схематычных малюнкаў танцавальных фігур, графічных расшыфровак карагодаў і танцаў (што з’яўляецца важным метадычным дапаможнікам для пастановачнай практыкі); раздзелы, прысвечаныя ткацтву і народныму тэкстылю змяшчаюць фотаілюстрацыі, падрабязныя схемы-малюнкі ўзораў і крою (малюнкі да раздзелаў па народнаму адзенню і яго рэканструкцыі зроблены М. Раманюком, У. Піскуном, М. Віннікавай, М. Раманюком, І. Смірновай і інш.).
Праца выклікае велізарны навуковы інтарэс, як у вучоных-славістаў, так і даследчыкаў народнай культуры краін, мяжуючых з Беларуссю – Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы.
Ідэя выдання і агульнае рэдагаванне ўсіх тамоў належыць старшаму навуковаму супрацоўніку Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Тамары Барысаўне Варфаламеевай.
Усе аўтары – высокакваліфікаваныя даследчыкі, добра вядомыя, як у Беларусі, так і за яе межамі, маюць шматлікія публікацыі па розных праблемах беларускай навукі і культуры. Шасцітомнае (у дзесяці кнігах) выданне “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” ужо стала крыніцай новых ведаў і матэрыялаў для фалькларыстаў, этнографаў, этнамузыказнаўцаў, этналінгвістаў, пра што сведчаць шматлікія станоўчыя рэцэнзіі спецыялістаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Сербіі.
Выданне і калектыў аўтараў (у асобах Т. Б. Варфаламеевай, М. А. Козенка і А. М. Боганевай) ганараваны спецыяльнай прэміяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.