Біяграфія

Антон Іванавіч Гурскі нарадзіўся 14 студзеня 1936 г. у вёсцы Свінка (зараз Лугавая) Капыльскага раёна. У 1959 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут, пасля якога пачаў працаваць у сектары фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. У 1978 г. Антон Іванавіч стаў кандыдатам філалагічных навук, а з 1979 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у тым жа Інстытуце.

Пачаліся шматлікія экспедыцыі вучонага па ўсёй Беларусі. З кожнай паездкі ён прывозіў сшыткі з запісамі, у якіх зафіксаваны творы практычна ўсіх жанраў вуснай паэзіі (іх колькасць набліжаецца да дзесяці тысяч).

З усяго жанравага багацця нашага фальклору Антон Іванавіч выбраў для навуковага даследавання народныя каляндарна-абрадавыя песні зімовага цыкла. Па гэтай тэме ў 1978 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Беларускія зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі (па запісах ХІХ – пачатку ХХ ст.)”. Зроблены ўпершыню ў айчыннай фалькларыстыцы навуковы аналіз каляднай абраднасці ўсходніх славян і беларускай каляднай паэзіі склаў аснову манаграфій “Зімовая паэзія беларусаў” (1980) і “Святкаванне Калядаў на Беларусі” (1998).

Цікавіўся А.І. Гурскі і пазаабрадавай лірыкай. Вынікам гэтай дзейнасці сталі манаграфіі “Тайны народнай песні” (1994), “Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі” (2001), “Чаму вучыць народная песня” (2007), “Пазаабрадавая лірыка ўсходніх славян” (2008).

Акрамя абрадаў, звычаяў, традыцыйных абрадавых і лірычных песень Антон Іванавіч запісвае і даследуе яшчэ казкі, прыказкі і прымаўкі, легенды і паданні, прыпеўкі, творы дзіцячага фальклору. Ён ўпершыню ў гісторыі беларускай фалькларыстыкі ажыццявіў усебаковае даследаванне народных загадак. Ім прысвечаны манаграфіі “Беларускія загадкі: даследаванне жанру” (2000) і “Загадка ў славянскім фальклоры” (2009).

Фалькларыст падрыхтаваў і выдаў шэраг зборнікаў легенд, паданняў і казак для дзяцей: “Дрэва кахання” (1980), “Сакрэт шчасця” (1986), “Бяздоннае багацце” (1990), “Самае галоўнае” (1992), “Музыка-чарадзей” (1995), “Не сілай, а розумам” (1997), “Прыстань ваўкалакаў” (2001), “У ноч на Івана Купалу” (2004), “Мудрасць жыцця : прыказкі, прымаўкі” (2007) і інш.

А.І. Гурскі зрабіў уклад і ў гісторыю беларускай фалькларыстыкі. Ён аўтар манаграфіі “З любоўю да народа” (1989), якая прысвечана творчай дзейнасці фалькларыстаў і этнографаў Д. Булгакоўскага і П. Дземідовіча.

Антон Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы шіаттомнай серыі “Беларуская народная творчасць”. Ён складальнік тамоў “Загадкі” (1972) і “Легенды і паданні” (1983, абедзве ў суаўтарстве з М. Грынблатам), “Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі” (1975), “Земляробчы каляндар” (1990). Сабраныя А.І. Гурскім матэрыялы папоўнілі і іншыя тамы серыі. За ўдзел у стварэнні збору беларускага фальклору А.І. Гурскі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1986).

Асобна трэба адзначыць паездкі вучонага ў вёскі, пацярпелыя ад чарнобыльскай навалы. У зборнік “Фальклор Магілёўшчыны : матэрыялы з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС” (2011, сумесна з А.У. Марозавым і Н.Г. Мазурынай) увайшлі матэрыялы з мясцін, якія найбольш пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання.

Дзякуючы сваёй самаадданай працы Антон Іванавіч стаў найбольш аўтарытэтным у беларускай фалькларыстыцы даследчыкам зімовых свят. Мае больш за 200 публікацый у беларускіх энцыклапедыях і на старонках перыёдыкі.
  1. 2011 - Фальклор Магілёўшчыны: матэрыялы з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС / склад. А.І. Гурскі, А.У. Марозаў, Н.Г. Мазур...
  2. 2005 - Легенды і паданні / [Склад. М. Я. Грынблат і А. І. Гурскі; рэдактар А. С. Фядосік]. 2-е выд., дап. і дапрац. — Мн.: Бе...
  3. 2004 - Загадкі / [Склад.: М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі; Рэдкал.: В. К. Бандарчык і інш.; Уступ. арт. А. І. Гурскага]. 2-е выд...
  4. 2003 - Земляробчы каляндар: Абрады i звычаі / [Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў i камент. А. I. Гурскага; Усту...
  5. 2001 - Каляндарна-абрадавая паэзія / А.С. Ліс, А.І. Гурскі, В.М. Шарая, У.М. Савіцкі; навук. рэд. А.С. Фядосік. Мінск: Белару...
  6. 1990 - Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / [Укладанне, класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і каментарыі А. І. Гурскага...
  7. 1983 - Легенды і паданні / [Склад. М. Я. Грынблат i А. I. Гурскі; Рэд. тома А. С. Фядосік]. — Мн.: Навука i тэхніка, 1983. — ...
  8. 1972 - Загадкі / [Складальнікі М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі; рэд. А. С. Фядосік]. — Мн.: Навука i тэхніка, 1972. — 448 с. (АН...
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.01.2026 17:29:15

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.