Поўная назва (для бібліяграфій)

Ляшкевіч, А. / Параўнанне сімвалічных функцый паясоў Валожыншчыны і паясоў Гродзенскай вобласці // Беларускія паясы: гістарычныя шляхі развіцця і сучасная практыка : мат-лы рэсп. Навк.-практ. канф. (Слуцк, 21 верасня 2013 г.) / уклад. Б. А. Лазука. – Мінск : Зміцер Колас, 2013. – С. 83–90.

Звязаныя персаналіі

Гады публікацыі

Карта

Ляшкевіч А.І.

Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці

 

ПАРАЎНАННЕ СІМВАЛІЧНЫХ ФУНКЦЫЙ ПАЯСОЎ ВАЛОЖЫНШЧЫНЫ І ПАЯСОЎ ГРОДНЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ.

У 2013 годзе статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ці аб’екта нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны) атрымала традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне Мінскай вобласці.

Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджанай па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаванай носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч 1927 г.н. з вёскі Сакаўшчына.

У хаце зручна снаваць пояс на адмысловай дошцы з цвікамі. Раней жа часам снавалі на штыкетніку плота. Спосаб снавання і вырабу прыстасаванняў для ткацтва (падзел асновы пры снаванні вузкіх паясоў з выкарыстаннем чынавых цвікоў), якім валодае Марыя Мікалаеўна, можна ахарактэрызаваць як тыповы, але ў некаторых дэталях ён адрозніваецца ад спосабаў, зафіксаваных ад іншых майстрыц Міншчыны.

Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы.

Яшчэ адна асаблівасць валожынскага ткацтва “на ніту” – адмысловы прыём прыціскання асновы пасля перамены зеву шляхам нацяжэння верхнягя слою нітак. Характэрны гук чуецца, калі майстрыха няўлоўным рухам пальцаў падбівае аснову. Вось дзе сакрэты майстэрства! Дзякуючы такому спосабу падбівання асновы паясы атрымліваюцца вельмі шчыльнымі і роўнымі.

Валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю: адноўлены мясцовы строй у сладзе якога важнае месца займае пояс, з выкарыстаннем паяскоў здзяйсняюцца вясельныя абрады, дзейнічае 2 гурткі па ткацтве для дзяцей.

Валожыншчына па асаблівасцях традыцыйнай культуры з’яўляецца пераходнай зонай паміж двума гістарычна-этнаграфічнымі рэгіёнамі: Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Адлюстравалася гэта і ў асаблівасцях вырабу і ўжывання мясцовых паясоў: арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродненскай вобласці (Панямонне), аднак ён з’яўляецца вузейшым.

Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі. [1, 812]

Падчас падрыхтоўкі дакументаў для надання традыцыі ткацтва паясоў на Валожыншчыне статусу элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны  аўтаркай былі праведзены дадатковыя даследаванні, вынікі якіх выкладзены ў дадзеным артыкуле.

Перад нараджэннем дзіцяці ткалі спецыяльны пояс – “спавівік”, для дзяўчынкі чырвоны ці ружовы, для хлопчыка – сіні ці зялёны. Такі пояс быў шырэйшы і даўжэйшы за пояс, што прызначаўся для нашэння даросламу чалавеку, бо спавівікам трэба было абвязаць немаўля крыж-накрыж , “каб ручкі-ножкі роўненькія былі”. [інфармант 1] Звесткі пра такую ж дыферэнцыяцыю дзіцячых паясоў па колеры ў залежнасці ад полу немаўля зафіксаваны і на Панямонні. [2, 657]

Яшчэ ў пасляваенныя гады ў Валожынскім раёне дзяўчыне перад вяселлем трэба было назапасіць паясоў: “Каждая дзеўка далжна, пакуль ісці замуж, каб былі паясы натыканыя, - сказала Алена Канапелька, 1935 г.н., з в. Гарадзечна, якая выходзіла замуж у 1958 г. – паясы, як я ткала на запас, скручывала на клубок, і гэты клубок ляжаў. А после, як маё врэмя прыйшло, мне нада было – там я іх разматывала і ўжо выбірала, каму куды які” (запісана ў 2008г.). [1, 813]

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мал. 1 Паясы, якія захоўваюцца ў клубочках. Валожынскі р-н

З архіва РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”

 

На заручынах маці маладой насыпала ў бутэльку жыта, абвязвала яе ручніком ці хусткай і абкручвала поясам крыж-накрыж “як дзіця”. [інфармант 1] Такі ж звычай зафіксаваны ў 2000 г. ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Яго ж апісваў у канцы ХІХ ст. у Ваўкавыскім павеце даследчык М.Федароўскі. [2, 658]

Свату на вяселлі завязвалі пояс паверх ручніка, праз правае плячо. [інфармант 1] Такі ж звычай вядомы ў Наваградскім раёне Гродзенскай вобласці, а таксама ў літоўцаў Дзукіі [2, 661]

Паясамі маладыя “вукуплівалі сабе месца” за вясельным сталом, упрыгожвалі шыю каню. Калі маладых сустракалі бацькі маладога, то нявеста даравала свякрусе палатно ці хустку, а свёкру – пояс. Такія ж падарункі маладая жонка давала бацькам мужа, выходзячы ўпершыню ў статусе замужняй жанчыны на жніво. На другі дзень вяселля маладая клала паяскі на прыпечак, на студню, вязала на венік. Марыя Мікалаеўна Cтасяловіч рэзюмуе: “Колькі трэба было тых паясоў на вяселле – ніхто не ведае”. [інфармант 1]

Згадкі аб выкарыстанні вялікай колькасці паясоў падчас традыцыйнага вясельля зафіксаваны ў 1990-х-2000-х гадах на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Колькасць прыгатаваных да вяселля паясоў на Панямонні вагалася ад 10 да 100. [2, 666]

Дасьледчык Васіль Ліцьвінка лічыў, што дарэнне паясоў на вяселлі – гэта сімвал уступлення маладой у род маладога. Вешанне паясоў на другі дзень вяселля Ліцвінка лічыў праграмаваннем прыплоду і дабрабыту ў гаспадарцы, кіданне пояса на печ – спробай задобрыць духаў хаты, продкаў. [3, 16]

Марыя Мікалаеўна Cтасяловіч сярод прадметаў і локусаў, дзе маладая пакідала паясы на другі дзень вяселля, называе толькі прыпечак, студню і венік. Інфарманты на Гарадзеншчыне акрамя трох пазначаных яшчэ ў 2000 годзе згадвалі дзяжу, чапялу, патэльню, даёнку, начоўкі, прасніцу, цэп, дровы. У ХІХ стагоддзі згадваліся таксама кладка на рацэ, дзе маладая ўпершыню мыла бялізну, авечнік, аборы, хлеў, куратнік. [2, 662 - 663]

У Валожынскім раёне сустракаюцца згадкі аб ужыванні паясоў падчас пахавальнага абраду, што характэрна для традыцыйнай культуры Панямоння. Марыя Мікалаеўна Стасяловіч перадае звесткі, пачутыя ад сваёй бабулі: некалі кашулька і пояс, у якіх хрысцілі дзіця, захоўваліся аж да смерці чалавека і клаліся з ім у труну. Каня, які вёз труну з нябожчыкам, вялі на поясе. [інфармант 1]

Аўтарцы гэтых радкоў пашчасціла знайсці паясы, якія захоўваліся гаспадыняй на смерць, у вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Паясы былі сатканы ўзорам “у бубачкі” адмыслова для таго, каб быць пакладзенымі ў труну “пад пакойніка”. Класці паясы маглі толькі родныя памерлага, клалі ўпоперак, канцы паясоў у труну не запраўлялі, яны віселі. Верылі, што пояс нябожчык пакіне на нейкай кладцы на тым свеце, што яму трэба перайсці. Паясы, што захоўваліся на смерць, інфармантка, зусім не шкадуючы, падаравала ў фонд РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, бо апошнімі часамі замест пояса ў труну кладуць суконныя ніткі. [інфармант 2] Магчыма, тая кладка сімвалізуе пераход між “гэтым” і “тым” светам. Прыгадайма звычай маладой на другі дзень вяселля пакідаць паясы ўсюды, куды яна ўпершыню прыходзіць у новай гаспадарцы. Магчыма, пояс слугаваў своеасаблівым маркерам асвоенай новай прасторы, артэфактам, патрэбным для здзяйснення пераходу дзяўчына-жанчына і жывы-памерлы.

У вёсцы Алексічы Зэльвенскага раёна Ірынай Юр’еўнай Смірновай было запісана тлумачэнне, дзе пра пахавальны пояс для памерлага сказана: “Яму гэта кладачка, пераход, пояс”. У Навагрудскім раёне сустракаюцца павер’і, што чалавек будзе ўставаць, трымаючыся за пояс, на Страшны суд, што на тым свеце нябожчыка на гэтым паяску павядуць у рай. У навуковай літаратуры выказвалася думка аб бытаванні звычаю класці пояс у труну на тэрыторыі Зэльвенскага, Лідскага і Навагрудскага раёнаў, на Захад ад Нёмана. [2, 666 - 667] Аднак сабраныя намі звесткі сведчаць аб шырэйшым арэале распаўсюджвання гэтага звычаю, на Усход ад Нёмана ў вёсках Руда Ліпічанская і Пушча Ліпічанская Мастоўскага раёна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мал. 2 Паясы “у бубначкі”, якія захоўваюцца на смерць. В. Руда Ліпічанская,

 Мастоўскі р-н З архіва РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”

 

Што да каляндарных абрадаў, то Марыя Мікалаеўна Стасяловіч паведаміла аб выкарыстанні паясоў падчас Зажынак і Дажынак. Пояс дарыла маладуха свякрусе ў першы год замужжа, ідучы на жніво. Поясам абвязвалі зажыначны сноп, што стаяў усю зіму ў хаце на покуці. Гэты сноп звалі “Гаспадар”. [інфармант 1] Звычай, калі маладуха абвязвала поясам першы зжаты сноп і даравала пояс свякрусе, ідучы ўпершыню ў замужнім статусе на жніво, зафіксаваны і ў вёсцы Дуброўня Лідскага раёна [2, 663]

У даўнія часы рамяству ткацтва паясоў бабулі і маці вучылі дзяўчынак ва ўзросце 8-15 год. Так, Марыя Стасяловіч пераняла майстэрства ад маці Вольгі Іосіфаўны Махінай 1900 г.н., якая жыла ў вёсцы Жомайдзь Валожынскага раёна і ад бабулі Ганны Губіч. Яны навучылі маленькую Марыю як наснаваць пояс і як выткаць самыя просценькімія ўзоры.

Марыя Мікалаеўна называе наступныя “простыя” арнаменты паясоў: “калодачка”, “казіны ступенчык”, “ягадка”, “грабелька”, “жучок”, “ёлачка”, “варонье вочка”, “пруцік”.         

Узоры “Грабелька” (зверху)                                                         Узор “Ёлачка”

і “Двайная грабелька” (знізу)

 

                         

 

 

 

 

Узор “Варонье вочка”                                                Узор “Жучок” (просты і адваротны бок)

 

 

                   Узор “Казіны ступенчык”                                                Узор “Пруцік”

            Узор “Ягадка”                                                   Узор “Васмёрачка”

Пасля “базавага курсу” ў сям’і дзяўчаты часамі вучыліся адна ў адной, выдумлялі новыя арнаменты. Марыя Мікалаеўна распавядае: “Некалі нам добра было вучыцца. На кожным кроку бачыш, як робіцца. Адна такі ўзор робіць, другая другі, а трэцяя прыдумае новы, харашэйшы і адразу нікому не паказвае, каб паясок быў адметны, ні на які не падобны.” Такім чынам з’яўляліся новыя ўзоры, якія атрымлівалі адпаведныя назвы: “двайная грабелька”, “кілішак”, “капыцік”, “лукатка”, “гусіная лапка”, “несканчоны”, “рачок”, “крываножка”, і г. д.

 

             

 

 

 

Узор “Калодачка”                                            Узор “Ланцужок” (“Цэпачка”)

 

                       

 

 

 

                     Узор “Капыцік”                                                  Узор “Лукатка”                    

На думку Ірыны Мазюк, якой яна падзялілася падчас напісаньня экспертнага заключэння для надання ткацтву паясоў на Валожыншчыне статусу НКС, простыя ўзоры валожынскіх паясоў (крыжыкі, ромбы, рысачкі, ланцужкі і інш) вынікаюць з тэхналагічнай логікі перабору па аснове, наснаванай ў “троечкі”. Гэта своеасаблівая сімвалічная мова, якая цесна звязана з тэхнічнымі магчымасцямі гэтага віду ткацтва. Патаемны для нашага пакалення сэнс кожнага арнаментальнага знака, закладзены ў гэтыя выявы яшчэ ў самых старажытных культурах, вербалізуецца ў назвах, узятых ад з’яваў ці рэчаў, якія, ў сваю чаргу самі па сабе мелі пэўны семантычны статус у сістэме народнага светапогляду. Некаторыя з іх мы можам бачыць на старажытнейшых вырабах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (“лукатка”, “канапелька”, інш.). Форму і назвы ўзораў можна абазначыць як універсальныя, звязаныя з архаічнымі вераваннямі, таму рэгіён іх бытавання ў межах Беларусі даволі шырокі: сустракаюцца ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, у Гродзенскай вобласці.

Такім чынам, звесткі, запісаныя аўтаркай ад Марыі Мікалаеўны Стасяловіч, сведчаць аб падабенстве сімвалічных функцый паясоў Валожыншчыны і паясоў суседняй Гродненскай вобласці.

Звесткі, запісаныя аўтаркай у Мастоўскім раёне, пашыраюць раней пазначаны ў навуковай літаратуры арэал распаўсюджвання звычаю класці пояс у труну.

Спіс выкарыстанных крыніц.

 

  1. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 5. Цэнтральная Беларусь. У 2 кн. Кн. 2 / А.М. Боганева [і інш.]; ідэя і агул. Рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск: Выш. Шк., 2011 – 911 с.: каляр. Іл.
  2. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн. Кн. 2 / А.М. Боганева [і інш.]; ідэя і агул. Рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск: Выш. Шк., 2006 – 736 с.: каляр. іл.
  3. В.Д. Ліцвінка. “Сімволіка пояса ў беларускім фальклоры” // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі “Народныя паясы – мастацтва і рамяство” Мінск, 10 -11 снежня 1992 года / укладанне В.А. Лабачэўскай – Мінск: Беларускі інстытут праблем культуры, 1994. – 104 с.

 

Апытаныя інфарманты:

 

  1. Стасяловіч Марыя Мікалаеўна 1927 г.н., нарадзілася і жыве ў а.г. Сакаўшчына Валожынскага раёна Мінскай вобласці
  2. Шэршань Алена Юльянаўна 1944 г.н., нар. у в. Пушча Лiпiчанская, жыве ў в. Руда Ліпічанская Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.12.2024 05:48:00

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.