Аўдыётэка → Аўдыё выданне:
Алена Ляшкевіч: у традыцыйнай культуры беларусаў каханне павінна скончыцца шлюбам
Апісанне
14 лютага ў нас зараз трывала асацыіруецца з сардэчкамі, кветкамі, каханнем і святым Валянцінам. Гэта постаць настолькі абрасла легендамі, што не кожны памятае, з чаго пачыналася гэтая гісторыя. Мы ж сёння разам з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч паспрабуем знайсці беларускі аналаг св. Валянціна ў нашай традыцыйнай культуры і даведаемся, хто апекаваўся закаханымі, ці былі абярэгі кахання ў беларусаў і які эратычны сэнс хаваюць усім вядомыя народныя песні.
‒ Святы Валянцін шануецца каталіцкай царквой 14 лютага, а праваслаўная царква яго шануе 12 жніўня. Але ні касцёл ні царква не вызнаюць за кананічную версію жыцця святога, адпаведна якой ён у Рымскай імперыі вянчаў закаханых, якім нельга было жаніцца, і такім чынам стаў апекуном захаканых. Але ў масавай культуры такая гісторыя прыжылася і пашырана.
У беларускай вёсцы, калі мы кажам пра канец 19 пачатак 20 стагоддзя, да ў прынцыпе і да сённяшняга дня, такой постаці ў свядомасці людзей хутчэй няма. Але гэта не значыць, што няма такой функцыі. У традыцыйнай культуры беларусаў каханне вельмі цесна звязанае са шлюбам. То бок каханне, калі яно нармальнае, без усялякіх адхіленняў, павінна закончыцца шлюбам, і таму мы можам гаварыць хутчэй пра апекуноў шлюбу, чым пра апекуноў кахання. Калі мы глядзім на хрысціянскія постаці, то ў кананічным праваслаўі хутчэй скажуць пра Пятра і Феўронню, але праваслаўныя практыкі лакальныя яны вельмі розныя, і ў беларускай вёсцы мне не сустракалася, каб хтосьці маліўся да Пятра і Феўронні, але сустракалі згадкі пра малітву да Божай Маці. 14 кастрычніка адзначаюцца Пакровы Прасвятой Багародзіцы і была прыкмета, што да гэтага дня павінен выпасці першы снег. І ёсць запісаная малітва незамужняй дзяўчыны: « Прасвятая Багародзіца, укрый маю галаву шлюбным пакровам, як ты ўкрываеш зямлю снегам». Таму што лічылася, што з пачатку кастрычніка і да Каляднага посту спрыяльны час для вяселляў – Вялікая Вясельніца.
Ёсць таксама дахрысціянскія постаці, даследчыкі толькі рэканструююць звесткі пра іх, бо ўжо ў канцы 19 стагоддзя ніхто з інфармантаў тагачасных даследчыкаў і сучасных таксама не мог дакладна расказаць пра гэтыя вобразы, таму даводзіцца рэканструяваць з фальклорных тэкстаў. І вось некаторыя даследчыкі кажуць, што хутчэй за ўсё ў беларусаў існавала дахрысціянскае боства шлюбу – Сулука. Гэта такі вобраз, які спрыяе ўтварэнню пары. У некаторых тэкстах, можа па сугуччы, Сулуку замянў св. Лука, таксама ў такой функцыі выступаў св. Антоній. Тут мы бачым, што дахрысціянскія і хрысціянскія сюжэты вельмі моцна пераплецены. Таксама ёсць такі міфалагічны персанаж Цярэшка, у гонар якога названа калядная абрадавая гульня, падчас якой моладзь жартам злучалася ў пары. І часам з гэтых пар, да Перадвелікоднага посту, час Малой Вясельніцы, гуляліся сапраўдныя вяселлі. Зноў жа гэты пра вобраз Цярэшкі вядома няшмат, але даследчыкі яго рэканструююць як вобраз, які спрыяў маладым сямейным парам.
‒ Ці існавалі ў маладых сямейных пар ці закаханых якія-небудзь абярэгі?
‒ Такіх звестак я не сустракала. А калі шырэй разглядаць паняцце абярэга, то абярэг маладой сям’і закладаўся на вяселлі, дзе ўсе павінна было быць па традыцыі. Нейкае парушэнне падчас вяселля вяло да таго, што жыццё такой пары не будзе шчаслівым. Напрыклад, калі пяклі каравай, імкнуліся, каб ён не апаў, не растрэскаўся, каб быў добра выпечаны. І нават калі каравай «вырастаў» вялікім і яго немагчыма было дастаць з печы, то прымалася рашэнне разабраць чэрава печы, дастаць некалькі цаглін, але каравай захаваць цэлым. Таксама былі шматлікія дзеянні, накіраваныя на ахову маладых падчас вяселля. Да прыкладу, у адзенне маглі зашыць альбо вугалёчкі альбо свянцоную соль. Таксама маладая рабіла дзеянні, якія павінны былі забяспечыць ёй лёгкія роды. Калі маладая не вельмі любіла маладога, то магла сесці на закрыты замок і такім чынам лічылася, што яна замыкае магчымасць мець з гэтым чалавекам дзяцей.
‒ А што тычыцца эратычнага складніка традыцыйнай культуры. Як ён выглядаў?
‒ Зноў жа эротыка ў традыцыйнай культуры была сімвалічнай. Калі мы не ведаем гэтай сімволікі, то такі дыялог «Дзяўчына мая, напаі каня. – Як буду твая, напаю каня» выглядае для нас як размова, як нейкі нявінны флірт, але, калі мы ведаем, што конь можа выступаць як сімвал мужчынскага палавога органа, то флірт гэты ўжо даволі гарачы. Вельмі шмат лірычных песень перасцерагалі дзяўчыну, зноў жа ў такіх метафарычных выразах, ад страты вянка. Вянок сімвалізаваў цнатлівасць і спявалася, што, калі дзяўчына не знасіла вянка, яе чакалі шматлікія няшчасці.
‒ А закаханым чаго жадалі? Дзяцей? Дабрабыту?
‒ На вяселлі так, жадалі дзяцей, дабрабыту. Але вось такога пажадання кахання на вяселлі традыцыйным не гучала. Напэўна, мелася на ўвазе, што людзі і так адно аднаго кахаюць, калі ўжо ўзялі шлюб. Або можа быць, акцэнт рабіўся на іншыя рэчы. Бо сям’я разглядалася хутчэй як гаспадарчая адзінка. Лічылася, што людзі як-небудзь ужывуцца, сцерпіцца-злюбіцца. І галоўнае, каб у іх быў дабрабыт на гародзе, у хляве.
‒ То бок не было такога «каханне на ўсе жыццё», да труны?
‒ Гэта даволі новы канструкт, я бы так сказала.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.