Аўдыётэка → Аўдыё выданне:
Кушлянская капэла (з архіву Ул. Бярберава)
Вокладка
Апісанне
Запісы, пададзеныя ніжэй, з’яўляюцца часткай архіву Уладзіміра Бярберава ― даследчыка народнай музыкі, сузаснавальніка і мастацкага кіраўніка гурта “Ліцвіны”.
У канцы 1980-х гадоў Уладзімір Бярбераў збіраў для музея ў Заслаўі калекцыю народных музычных інструментаў. Потым музею спатрэбіўся дэманстрацыйны аўдыяматэрыял, і для гэтага Уладзімір Хрыставіч вырашыў запісаць народных музыкаў. Аляксандр Лось, музыка і мастак, параіў яму звярнуцца да некаторых музыкаў у Смаргонскім раёне, у т. л. і да капэлы з вёскі Кушляны.
Кушлянская капэла складалася з трох чалавек: Браніслаў Сцяпанавіч Дэбесь, 1909 г. н. (цымбалы); Сцяпан Яфімавіч Піменаў, 1923 г. н. (гармонік); Генрых (Генадзь) Бярнат (барабан).
Ніжэй прапануем вам паслухаць 16 найгрышаў гэтага гурта. Большасць з іх запісаная ў 1989 г. ў хаце Браніслава Дэбеся. Каб рабіць запісы на выездзе, Уладзімір Бярбераў вазіў з сабой у вазочку (пешкі і ў грамадскім транспарце) 25-кілаграмовы паўпрафесійны магнітафон “Тембр-2М”, самадзялковы мікшарны пульт і 4 мікрафоны. Запіс рабіўся на хуткасці 19,05 см/с, што павялічвала расход стужкі (іншыя даследчыкі запісвалі на 9 см/с), але дазваляла пашырыць дыяпазон часціняў, што трапляюць на запіс.
У дадатак, Уладзімір Бярбераў, у адрозненне ад іншых даследчыкаў, заўжды запісваў некалькі хвілінаў кожнага найгрыша, а не толькі пару “кругоў”. Гэта дазваляла дачакацца варыятыўнасці і імправізацыі ў выкананні твора.
Дзякуючы гэтым высілкам мы цяпер можам слухаць гуказапісы, якія вылучаюцца як тэхнічнай якасцю, так і зместавай паўнатой на фоне большасці тагачасных палявых запісаў.
Полька “Тармасуха” ― запіс з ранейшай сесіі, калі У. Бярбераў толькі знаёміўся з капэлай. Зроблены менш дасканалай апаратурай, таму такі шумны. Прыводзім яго тут у якасці “бонус-трэка”.
Многае з рэпертуару кушлянскай капэлы ў далейшым выконвалася гуртом “Ліцвіны” і ўваходзіла ў яго альбомы.
https://volny-archiu.by/2020/04/05/kuszlanskaja-kapela/
Трэкліст
- Полька "Магдаленка" (танец)
- Полька "Антонаўка" (танец)
- Літоўскі вальс (танец)
- Польскі вальс (танец)
- Падыспань (танец)
- Вясельны марш, як маладую выводзяць (марш)
- Вясельны марш літоўскі (марш)
- Вясельны марш польскі (марш)
- Абэрак (танец)
- Кракавяк (танец)
- Акуліна (танец)
- Полька "Сідзяла на сосьне" (танец)
- Вальс "Балада" (танец)
- Факстрот (танец)
- Мазурак (танец)
- Полька "Тармасуха" (танец)
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.