Біяграфія

ЛОЗКА Алесь (Аляксандр Юр’евіч) нарадзіўся 7.12.1952 (па пашпарту 10.01.1953) у в. Прыбалавічы Лельчыцкага раёна. Закончыў гістарычна-філалагічны ф-т ГДУ (1975 г.).

У час вучобы сумяшчаў працу літаратурнага супрацоўніка ў шматтыражцы «Гомельскі ўніверсітэт», быў старшынёй універсітэцкага літаб'яднання. З 1975 года на педагагічнай працы ў родным раёне: намеснік дырэктара, дырэктар, настаўнік. Затым была вучоба ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) Акадэміі навук (1984 – 1987 гг.). Абараніў дысертацыю па праблемах каляндарнай і абрадавай паэзіі Усходняга Палесся. Кандыдат філалагічных навук, фалькларыст.

Праца ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнагарафіі і фальклора, Скарынаўскім цэнтры Акадэміі навук, Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей, з першага дня заснавання (01.02.1992 г.) Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі (БЦГЦ) – яго дырэктар. Разам з калегамі стварыў у БЦГЦ музей гульні і цацкі. Выкладаў у БДУ, а з сакавіка 1999 г. – дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З лета 2014 г. – начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі, з 2017 г. па 2021 г. - начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных устаноў, народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Член экспертнай камісіі па народнаму мастацтву, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь (загад Мінкульта No 129 ад 29.10.2015). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў беларускага скаўцкага руху, руху за родную школу: Гарадскі бацькоўскі камітэт Менска (з 1988 г.), першы беларускамоўны летнік «Грунвальд» (з 1990 г.), Аб'яднанне беларускіх скаўтаў (з 1992 г.), Таварыства беларускай школы (з 1996 г.). Быў сябрам літаб’яднання «Тутэйшыя». Ініцыятар стварэння праграм па раённаму краязнаўству для школ, аўтар-складальнік розных навучальных праграм для адукацыйных устаноў па народнай культуры.

Аўтар кнігі «Беларускі народны каляндар» (1993, 2002) – першага сістэматызаванага выдання па народнаму летазлічэнню. Аўтар і кіраўнік творчых калектываў па стварэнню дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўству, этнапедагогіцы («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства» для 1 – 11 кл., у 4-ох зборніках, 1992 – 1994); канцэпцыі развіцця беларускай гульні і цацкі. Збіральнік фальклору, яго даследчык, аўтар і складальнік самага вялікага выдання па народнай гульні («Гульні, забавы, ігрышчы», 1996, 2000, 2002, серыя БНТ). Сааўтар дапаможніка для ВНУ «Беларусазнаўства» (нав. рэд П.Брыгадзін; 1997, 1998). Аўтар-складальнік дапаможнікаў для адукацыйных устаноў «Восеньскія святы» (1995), «Зімовыя святы» (1999, у сааўт.), «Веснавыя святы» (2000, у сааўт.), «Летнія святы» (2001), «Матэматычны фальклор» (2002), «Беларускі фальклор» (2017), «Святы і прысвяткі Беларусі» (2017, 74 с.).

Ініцыятар і аўтар стварэння серыі дапаможнікаў «Беларуская фалькларыстыка: каляндар і каляндарна-абрадавая паэзія» (2009, у сааўт.), «Беларуская фалькларыстыка: традыцыйны тэатр» (2009), «Беларуская фалькларыстыка: народныя гульні» (2012, у сааўт.). Кіраўнік навукова-даследчай работы «Распрацаваць мадэль сеткі ўстаноў культуры клубнага тыпу і рэкамендацыі па ўдасканаленню метадычнай дзейнасці» (2015).

Стваральнік гульнёвых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям'і.

Быў намеснікам старшыні міжведамаснай Рэспубліканскай камісіі па цацках, навуковым кіраўніком эксперыментальнай Рэспубліканскай пляцоўкі па стварэнні новай мадэлі дашкольнай установы “Этнасад”. Распрацоўшчык методыкі батлейкавага тэатра («Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні», 1997; «Тэатр лялек», у сааўт., 1998; «Тэатралізаваныя школьныя святы», разам з І.І. Кірчуком, 2004; «Мастацтва беларускай батлейкі», 2017, і інш.). Аўтар-складальнік навучальных праграм для сярэдняй школы і ВНУ.

Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусветнага і беларускага скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997 г.). Сумесна з Я. Сахутам складальнік навукова-папулярнага выдання «Народныя майстры Беларусі» (2020, 300 с.). Навуковы кіраўнік дакументальных кінафільмаў «Восень на Палессі» («Беларусьфільм», 1994).

Даследчык гісторыі жыцця і творчай дзейнасці беларусаў замежжа, стваральнік двухтомніка «Творчыя калектывы беларусаў замежжа» (Творчыя калектывы беларусаў замежжа = Творческие коллективы белорусов зарубежья = The Artists of the Belarusian Diaspora. Т. І / склад. В. М. Грышкевіч, А. Ю. Лозка ; Міністэрства культуры Рэспублікі  Беларусь ; Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. – Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2019. – 332 с.; Т. ІІ / аўт.-склад. В. М. Грышкевіч, А. Ю. Лозка – Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2020. – 347 с.).

Літаратурны рэдактар серыі нотных зборнікаў для калектываў мастацкай творчасці, якія складзены беларускімі кампазітарамі: М. Дрынеўскім, Л. Захлеўным, М. Алешкам, А. Белусем, А. Валодчанкам, М. Галаўнёвым, Я. Ксяневічам і інш.; складальнік, рэдактар шэрагу навуковых і навукова-папулярных выданняў (Традыцыйная культура і дзеці, разам з М. Козенкам, 2018, 2020).

Аўтар манаграфій «Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце» (2002), «Феномен Новага года ў беларускім фальклоры» (2004).

Мае больш 300 навуковых і навукова-папулярных публікацый, што змешчаны ў розных часопісах, зборніках, энцыклапедыях, у тым ліку замежных (Польшча, Расія, Славакія, Украіна).

Пісаў вершы, якія друкаваліся ў часопісах і калектыўных зборніках (Крыніцы: Анталогія лірыкі. Вершы выпускнікоў ГДУ імя Ф. Скарыны. – Гомель, 1998; Натхненне: вершы паэтаў Лельчыцкага краю. – Мазыр, 1999).

Літ.: Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 9. – Мінск : БелЭн, 1999. Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Т. 2. – Мінск : БелЭн, 2006. Кто есть кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. 2006. – Мінск : Энциклопедикс, 2006.

Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.12.2024 15:11:33

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.