Аўдыётэка → Аўдыё выданне:
Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз.Назінай)
Вокладка



Апісанне
Дыск змяшчае 54 гукавыя дарожкі з найгрышамі, запісаныя ў 1970 — 1990-х гг. І.Дз. Назінай, прафесійнай даследніцай інструментальнай народнай музыкі Беларусі.
Складанка “Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)” ― гэта, з аднаго боку, рэпрэзентацыйны набор запісаў інструментальнай музыкі, зробленых Інай Дзмітрыеўнай Назінай ад аўтэнтычных носьбітаў на працягу яе даследчыцкай кар’еры. З другога боку, гэта змястоўны тэкст (Уводзіны), у якім аўтарка раскрывае асаблівасці тых пластоў і аспектаў інструментальнай музыкі, якія яна вывучала.
Складанка выпускаецца як дыск і як вэб-публікацыя. Гукавая частка ўключае 54 запісы найгрышаў. Буклет дыска мае 35 старонак і змяшчае ўвесь тэкст Уводзінаў, каментары да аўдыятрэкаў і набор фотаздымкаў народных музыкаў.
Трэкі падзеленыя на 7 раздзелаў:
1. Найгрышы на архаічных інструментах
2. Каляндарна прымеркаваныя найгрышы
3. Вясельныя найгрышы
4. Танцавальныя найгрышы
5. Найгрышы ў выкананні скрыпача П.Дз. Жаканава з в. Вербаўка Чавускага раёна
6. Найгрышы ў выкананні гарманіста А.З. Свірыдовіча з в. Аляксандраўка Чэрвеньскага раёна
7. Найгрышы ў выкананні С.В. Маленчыка са Шчучынскага раёна
Трэкліст
КАМЕНТАРЫ ДА ФОНАЗАПІСАЎ
Найгрышы на архаічных інструментах
1. Лі́то (жніво). Фрагмент песні і найгрыш зап. у 1978 г. ад пастуха І.П. Піцухі (1905 г.н.) з в. Сіманавічы Драгічынскага р. Брэсцкай вобл. Найгрыш узнаўляўся на пышчыку, зробленым ім са спелай жытняй саломіны, на якой былі нарэзаны язычок і галаснікі (ігравыя адтуліны). Інструмент на вольным паветры гучаў моцна, пранізліва і гугнява, разлягаўся па ўсім наваколлі. Са слоў самога пастуха-музыканта, найгрыш адрасаваўся духам нівы, заклінаючы іх забяспечыць плоднасць зямлі і дастатак людзям.
2. Ба́рынька – бурлівы танцавальны найгрыш. Зап. ад таго ж выканаўцы. У найгрышы шматразова па-рознаму абыгрываецца адзін і той жа меладыйны зварот (маціў). Пастух адзначаў, што падчас доўгага знаходжання ў полі гэты найгрыш падымае настрой не толькі яму, але і жывёле.
3. Сам по собі́. Імправізацыйны найгрыш на свісцёле (свісцёл – драўляная флейтавая дудка), які І.П. Піцуха ўздумаў сам по собі.
4. Ой, пры лужку, пры лужку. Інструментальная версія аднайменнай рэкруцкай песні, песні старага рэжыму, якая ўзнаўлялася на парных дудках. Зап. у 1973 г. ад І.А. Мураўёва (1895 г.н.), жыхара в. Ластрыгіна Мсціслаўскага р. Магілёўскай вобл. Парнёўкі, існаванне якіх на Магілёўшчыне было ўпершыню зафіксавана мной у 1970-я гады, сустракаліся ўжо зрэдку. Найгрыш выкладаецца двухгалоса: уверсе гучыць мелодыя, якая час ад часу аздабляецца мелізматыкай, а ўнізе яна падвойваецца пераважна ў тэрцыю, што ўзмацняе песенны пачатак.
5. Кама́рыцкая. Зап. таксама ад А.І. Мураўёва (парныя дудкі). На Магілёўшчыне гэты танцавальны найгрыш называюць яшчэ Лявоніхай па-даўнейшаму.
6. Як каравай дзеляць. Вясельны найгрыш, выкананы на язычковым ражку. Зап. у 1972 г. ад майстра народных музычных інструментаў (дудка, жалейка, ражок, скрыпка, цымбалы, цытра) і выканаўцы на іх І.І. Лычкоўскага (1902 г.н.) з г. Чэрвеня Мінскай вобл. Па яго ўспамінах, у 20 – 30-я гады ХХ ст. своеасаблівы і прыгожы па тэмбру ражок гучаў на вяселлях, хрэсьбінах і вячорках разам са скрыпкай.
7. Полька. Зап. ад І.І. Лычкоўскага, які граў яе на самаробнай дзіцячай двухструннай скрыпачцы. На адной яе струне інтанавалася мелодыя, а на другой – “скразны” бурдон (нізкі гук, які безупынна гучыць). У Беларусі бурдонна-паліфанічны стыль музыкавання (выканання, ігры) належыць да найбольш старажытных інструментальных стыляў і па гучанні падобны да дуды. Апошнім часам ён сустракаўся пераважна ў скрыпачоў сталага ўзросту.
8. Цялушачка. Былічка, зап. ад майстра і музыкі І.І. Лычкоўскага. Паколькі змест былічкі насычаны згадкамі розных гукавых з’яў (усхліпванне, покліч, мыканне цялушкі, рып дзвярэй і т.п.), дык скрыпка актыўна выкарыстоўваецца для гукавых ілюстрацый да аповеду. Па сутнасці, гэта музыка для слухання, якая звычайна выклікае цікавасць у
дарослых і асабліва ў дзяцей.
Каляндарна прымеркаваныя найгрышы
9. Каляда́ мужчынская. Зап. у 1982 г. ад скрыпача М.А. Шкадуна (1915 г.н.) з в. Глушкавічы Лельчыцкага р. Гомельскай вобл. Гэты найгрыш традыцыйна тураваў спевам каляднікаў, якія хадзілі па вёсцы з зоркай і званком. Віншавальныя песні-найгрышы гучалі ярка і энергічна, дзякуючы свайму нязменна двухгалосаму выкладанню і эпізадычнаму з’яўленню бурдонаў.
10. Жаніцьба Цярэшкі і Лявоніха. Абодва найгрышы зап. у 1984 г. ад скрыпача І.А. Альхоўкі (1910 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Жаніцьба Цярэшкі – абрадавае ігрышча моладзі, якое адбывалася ў калядны час. Выкананне шматлікіх песенек-цярэшак праходзіла ў скрыпічным суправаджэнні. Гульня пар маладых, якія падбіраліся “маткай” і “бацькам”, завяршалася сімвалічным заключэннем шлюбу пад гукі Лявоніхі.
11. Валачобная паненцы. Найгрыш, зап. у 1989 г. ад скрыпача А.А. Высоцкага (1919 г.н.) з в. Пярэбнавічы Смаргонскага р. Гродзенскай вобл., адметны сваім віншавальна-прыўзнятым настроем.
12. На Купалы́. Фрагмент песні і найгрыш зап. у 1984 г. ад С.А. Глушчык (1920 г.н.) і скрыпача Л.А. Глушчыка (1911 г.н.) з в. Збураж Маларыцкага р. Брэсцкай вобл. У найгрышы свабодна выкарыстоўваюцца арнаментальныя сродкі выразнасці, меладыйныя і рытмавыя варыяцыі купальскай песеннай мелодыі. (спявае С.А.Глушчык, 1920 г.н.)
13. Жніво. Песенны найгрыш, зап. у 1977 г. ад скрыпача П.Дз. Жаканава (1927 г.н.) з в. Вербаўка Чавускага р. Магілёўскай вобл. Мелодыя жніўнай песні ў выкананні музыканта кранае душэўнасцю, праніклівасцю і выразнасцю інтанавання мелодыі. У ім раскрываецца лірычны талент музыканта.
14. Восень. Зап. у 1979 г. ад дудачніка М.С. Храптовіча (1897 г.н.) з в. Барсукі Магілёўскага р. Інструментальная версія песні “густа” насычана адзінарнымі і двайнымі фаршлагамі, дробнымі рытмавымі фігурамі, спадаючымі і апяваючымі інтанацыямі, што надае гучанню сумны настрой, адпаведны словам “Ой, восень, восень, ты халодная, / Чаго рана ты к нам прыйшла?”
Вясельныя найгрышы
15. На зару́чыны. Зап. у 1984 г. ад скрыпача В.М. Царонка (1906 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Падчас абраду музыка традыцыйна тураваў, уторыў спевакам, узмацняючы
адпаведны моманту настрой.
16. Як садзяць каравай у печ. Інструментальная версія вясельнай песні “А ўжэ піч рэгочэ”, зап. у 1984 г. ад скрыпача Л.А. Глушчыка з в. Збураж Маларыцкага р. Брэсцкай вобл.
17. Каб разжаліць маладую. Зап. у 1986 г. ад скрыпача Г.Р. Дулуба (1933 г.н.) з в. Целепуны Мазырскага р. Гомельскай вобл. Звычайна жаласная вясельная песня спявалася жанчынамі, але там, дзе прысутнічаў добры скрыпач, ён браў на сябе іх функцыю. Насычанасць мелодыі жалобным іінтанацыяміплачу і ўсхліпвання, сам характар музыкавання на скрыпцы выклікалі ў маладой і прысутных на вяселлі адпаведную эмацыйную рэакцыю.
18. Развітанне з маці і роднай хатай. Інструментальная версія песні “Бывай, мамачка, здарова”. Зап. у 1974 г. ад скрыпача П.С. Чаеўскага (1911 г.н.) з в. Татаршчына Маладзечанскага р. Мінскай вобл. Для музыкарскага стылю Чаеўскага характэрны бурдонна-паліфанічны стыль выкладання, які адносіцца да найбольш старажытных скрыпічных стыляў. Каб мелодыя гучала больштрапятка, кранала душу, музыкант выкарыстоўвае выяўленчыя магчымасці трэлі.
19. Сустрэчны марш, якім вітаюць маладых пасля прыезду з-пад вянца. Зап. у 1976 г. ад скрыпачоў М.М. Семянчука (1911 г.н.) і І.П. Дранца (1924 г.н.) з вв. Гарадзец і Харомск Столінскага р. Брэсцкай вобл. У ансамблевым найгрышы дакладна вызначаецца функцыя кожнага інструмента – меладыйная ў першай скрыпкі і суправаджальная асцінатна-рытмавая ў другой.
20. Як маладую прывезлі да маладога. Зап. у 1984 г. ад скрыпача В.М. Царонка (1906 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Па традыцыі кожнаму моманту беларускага вяселля адпавядаюць пэўныя па настроі, зместу і функцыі песні-найгрышы.
21. Як на паса́д садзяць. Песня “Ой, куды ж ты, Галенька, ходзіла” і найгрыш, які гучыць разам з ёй, зап. у 1974 г. ад спявачкі А.У. Валадкевіч (1934 г.н.) і скрыпача Я.Р. Валадкевіча (1930 г.н.) з в. Дубянец Столінскага р. Брэсцкай вобл. Вакальная партыя перадае вобразна-драматычны і меладыйны змест песні ў тыпова палескім стылі. Інструментальная ж “аплятае” песенна-вакальную мелодыю пасажамі розных рытмавых малюнкаў, па-рознаму афарбоўвае яе, узмацняе маляўнічасць агульнага гучання, запаўняе паўзы паміж радкамі і строфамі, забяспечваючы няспыннасць драматургічнага развіцця і цэльнасць музычнай формы. Прытым ярка выяўленая кантрастнасць абедзвюх партый перадае драматызм вясельнай сітуацыі.
22. Як дораць маладую. Зап. у 1984 г. ад скрыпача В.М. Царонка.
23. Расхадовая. Зап. ад В.М. Царонка. Гэтым найгрышам звычайна завяршаўся свадзёбны абрад. У народзе часам жартавалі: так са свадзьбы разганяюць пьяных.
24. Як на вяселлі разводзяць танок. Зап. у 1987 г. ад скрыпача А.С. Курашыка (1908 г.н.) з в. Дывін Кобрынскага р. Брэсцкай вобл. Згодна з яго сведчаннем, маці і бацька маладой, узяўшыся на́мітусь і трымаючы хлеб у другой руцэ, круціліся спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Толькі пасля гэтага на вяселлі пачыналіся танцы.
25. Вясельная полька. Зап. у 1974 г. ад скрыпача П.С. Чаеўскага (1911 г.н.) з в. Татаршчына Маладзечанскага р. Мінскай вобл. Музыкант дэманструе віртуознае валоданне інструментам і ўласцівы яму тэмперамент.
Танцавальныя найгрышы
26. Жабка. Старадаўні найгрыш да сольнага мужчынскага танца. Зап. у 1980 г. ад цымбаліста П.А. Ясінскага (1910 г.н.) і бубністкі М.А. Ясінскай (1912 г.н.) з в. Куранец Вілейскага р. Мінскай вобл. Па ўспамінах музыканта, мужчыны, стаўшы на пальцы ног
і выцягнутыя рукі, імітавалі падскокі жабкі. Перад пачаткам танца яны закладаліся, хто болей зможа праскакаць падобна жабцы. Адзначым, што раўнамерная рытмавая пульсацыя мелодыі выклікае вобразныя асацыяцыі са скокамі жабкі.
27. Верабей. Імітацыйны па характары і вобразнасці танцавальны найгрыш. Зап. таксама ад П.А. і М.А. Ясінскіх. Разам з найгрышам выконвалася прыпеўка: Як захацеў верабей / Крута ажаніцца, / Сладкай грэчкі каштаваць / І мёду напіцца…
28. Колушка. Найгрыш зап. у 1987 г. ад скрыпача А.С. Курашыка (1908 г.н.) з в. Дывін Кобрынскага р. Брэсцкай вобл. У назве танца адзначаная яго галоўная асаблівасць – рух па коле і ўсялякія кружэнні.
29. Кружок. Зап. у 1984 г. ад скрыпача І.П. Жлукты (1910 г.н.) з в. Замшаны Маларыцкага р. Брэсцкай вобл.
30. Паду́шачка. Зап. у 1976 г. ад скрыпача І.Я. Сарокі (1907 г.н.) і бубніста Р.А. Семянчука (1910 г.н.) з в. Адамова Драгічынскага р. Брэсцкай вобл. Падушачка – адзін з самых распаўсюджаных старажытных карагодаў, суправаджаецца прыпеўкамі з тыповым зачынам: “Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая, / Малодачка, малодачка мая маладая.”
31. Кама́рыцкі. Зап. ад І.Я. Сарокі і Р.А. Семянчука. Найгрыш да сольнага імправізацыйнага танца.
32. Ба́рыня. Зап. у 1986 г. ад скрыпача І.А. Лобача (1915 г.н.) з в. Камена Вілейскага р. Мінскай вобл.
33. Мяцеліца. Зап. ў 1972 г. ад мультыінструменталіста І.І. Лычкоўскага (1902 г.н.) з г. Чэрвень Мінскай вобл. Найгрыш выконваецца на скрыпцы.
34. Падыспа́н. Зап. у 1974 г ад скрыпача П.І. Герасімава (1910 г.н.) і цымбаліста М.А. Анушонка (1905 г.н.) з г.п. Езярышча Гарадоцкага р. Віцебскай вобл. У абодвух музыкаў аднолькава шырока выкарыстоўваюцца секундавыя спалучэнні гукаў, ствараючы сумесна незвычайна аскомісты гукавы каларыт. Танец створаны ў 1901 г. рускім харэографам А.А. Царманам, хутка набыў папулярнасць у Беларусі.
35. Полька “Салавей”. Зап. у 1976 г. ад скрыпачоў М.М. Семенчука (1911 г.н.) і І.П. Дранца (1924 г.н.) з вв. Гарадзец і Харомск Столінскага р. Брэсцкай вобл. У мелодыі гэтага дынамічнага і вясёлага найгрышу час ад часу гучаць імітацыі посвістаў салаўя. Партыі скрыпачоў адрозніваюцца па функцыях: у адной з іх гучыць мелодыя, а ў другой – няспынна пульсуе пругкі рытмава-гарманійны акампанемент, паддаючы тахціку.
Найгрышы, запісаныя ў 1977 – 1978 гг. ад скамароха* П.Дз. Жаканава (1927 г.н.) з в. Вербаўка Чавускага р. Магілёўскай вобл.
* Назва “скамарох” у дачыненні да народных скрыпачоў адзначана толькі ва Усходняй Беларусі.
36. Як вецер у полі гуляе. Гукапераймальны па задуме і вобразнасці найгрыш мае гукавыяўленчы характар: так і бачыцца, як вецер хутка гоніць лісце з пагорку, а потым, доўга завываючы, кружыць яго на адным месцы.
37. Гуляць быка. Цікавы па вобразнасці традыцыйны танец-гульня, які гуляецца ў суправаджэнні найгрышу. Той, хто выконвае ролю “бычка”, спачатку хутка нясецца да кагосьці з прысутных, пагражаючы затаптаць, забадаць, а потым раптам спыняецца і ўпарта не жадае крануцца з аднаго месца. Найгрыш дакладна перадае асаблівасці руху “бычка” з дапамогай хуткіх пасажаў у першым калене і віхурных фігурацый у другім.
38. Кадрыля. Найгрыш шматкаленнай структуры, які, адпаведна танцу, складаецца з 5 кален. У якасці іх музычна-тэматычнага матэрыялу выкарыстоўваюцца мелодыі найбольш папулярных у Чавускім раёне танцавальных найгрышаў. Яны выконваюцца адзін за адным праз кароткія перапынкі. Заканчваецца Кадрыля самым хуткім найгрышам – Гапаком ці Барыняй.
39. Кракавяк. Найгрыш да народнага танца польскага паходжання, выконваецца ў суправаджэнні разнастайных па зместу прыпевак і інструментальнай музыкі.
40. Тустэп. Найгрыш да гарадскога бытавога танца, які паходзіць ад амерыканскага танца “Two step”, у розных мясцінах Беларусі называўся “Лысы”, “Муха”, “Карапет”, “Зялёная рошча”, “Дзевачка Надзя”, “Парційны”.
41. Матлёт. Найгрыш да гарадскога бытавога танца, які сустракаўся па ўсёй Беларусі, назва паходзіць ад французскага matelote (матрос).
42. Субота. Найгрыш да гарадскога бытавога танца, які надзвычай разнастайны па сваіх лакальных варыянтах.
Найгрышы ў выкананні патомнага гарманіста А.З. Свірыдовіча (1923 г.н.) з в. Аляксандраўка Чэрвеньскага р. Мінскай вобласці, запісаныя ў 1972 – 1973 гадах
43. Вясельны марш. Абавязковы складнік традыцыйнага вясельнага абрада, пашыраны па ўсёй Беларусі. У выкананні гарманіста гучыць энергічна і бадзёра, ствараючы на вяселлі прыўзнята-радасны настрой.
44. Лявоніха. Інструмент, які Свірыдовіч ласкава называў мая шчабятуха, мая гаварушачка, дастаўся яму ад бацькі, які ў 1905 г. заказаў яго ў тульскага майстра. Паколькі гармонік Свірыдовіча меў венскі строй (у залежнасці ад напрамку руху меха атрымліваліся розныя гукі), дык ігра на ім уяўляла значную складанасць. Але ў руках музыканта гармонік сапраўды шчабятаў. На ім музыкант шмат разоў граў на вяселлях (і не толькі ў сваім раёне), дзе традыцыйна спаборнічаў з іншымі музыкамі і перамагаў.
45. Крыжачок. Найгрыш да традыцыйнага парнага танца, пабудаванага па малюнку крыжа. У некаторых мясцовасцях называецца “Крыж”. Існуе шмат варыянтаў танца, дзе крыж выяўляецца ў шыхтаванні і ў паставе рук танцораў.
46. Нарэчанька. Найгрыш да гарадскога бытавога танца, які пашырыўся на Беларусі ў кан. ХІХ ст. спачатку ў гарадскім, а потым у вясковым асяроддзі. У ім выяўляюцца ўсё тыя ж рысы, характэрныя для музыкарскага стылю гарманіста.
47. Сербіянка з выхадам. У выкананні гэтага таленавітага, прыроднага гарманіста ствараецца вобразна яркая сцэнка выхаду спачатку аднаго танцора, а затым паступовага далучэння да яго ўсіх прысутных. З цягам часу экспрэсія і дынаміка выканання ўзмацняюцца.
48. Страданія. Даволі папулярны ў Беларусі танец, які суправаджаецца прыпеўкамі і музыкай.
49. Полька. Полька – адзін з найбольш пашыраных на Беларусі танцаў, любімых як танцорамі, так і музыкамі. У разгорнутым па форме полечным найгрышы Свірыдовіч яднае некалькі полек, ў выкананні якіх бліскуча раскрыліся імправізацыйнасць яго мыслення, віртуознае валоданне інструментам і схільнасць да пабудовы буйной, разгорнутай музычна-інструментальнай формы.
Найгрышы, запісаныя ў 1990 – 1993 гг. ад С.В. Маленчыка (1928 г.н.) з г. Шчучын Гродзенскай вобл.
Музыкант іграе адначасова на скрыпцы і вуслях (губным акордавым гармоніку), якія зрабіў сам.
50. Два калены кадрылі. Некалі вельмі папулярны на Беларусі шматкаленны танец, які ўключаў ад 5-6 да 12 штрофаў.
51. Танго. Для Маленчыка як выканаўцы характэрныя аркестральнасць і імправізацыйнасць мыслення, схільнасць да разгорнутай пабудовы найгрышу, віртуознае валоданне кожным з інструментаў і арганічнае іх узаемадзеянне.
52. Мазурак. У параўнанні з польскай мазуркай беларуская гучыць менш “востра” з-за адсутнасці пункцірных рытмаў і акцэнтаў на слабых долях трохдольных тактаў.
53. Полька “Шабасоўка”. Назва полькі паходзіць ад яўрэйскага слова шабат (субота). У кожнай мясцовасці Беларусі нярэдка сустракаюцца полькі з назвамі самага рознага паходжання: ад імёнаў аўтараў (Іванава полька), тэкстаў прыпевак (полька “Морква”), характара саміх полек (полька “З дымам”) і інш.
54. Полька. Музыкант паказвае выдатнае валоданне рознымі прыёмамі гуказдабыцця (смыком і шчыпком пальцаў левай рукі)
Звязаныя лакацыі
- в. Сіманавічы, Драгічынскі раён (Вульковский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі раён (Селецкий c/c), Магілёўская вобласць, Беларусь
- г. Чэрвень, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
- аг. Глушкавічы, Лельчыцкі раён (Глушковичский c/c), Гомельская вобласць, Беларусь
- г. Чашнікі, Чашніцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь
- в. Пярэбнавічы, Смаргонскі раён (Залесский c/c), Гродзенская вобласць, Беларусь
- в. Збураж, Маларыцкі раён (Малоритский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Вярбоўка [Вербаўка], Чавускі раён, Магілёўская вобласць, Беларусь
- в. Барсукі [Барсукоўка], Магілёўскі раён (Вендорожский c/c), Магілёўская вобласць, Беларусь
- в. Целяпуны (ліквідаваны), Мазырскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь
- в. Татаршчына, Маладзечанскі раён (Мясотский c/c), Мінская вобласць, Беларусь
- в. Гарадзец [Гарадэц], Столінскі раён (Лядецкий c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Харомск, Столінскі раён (Хоромский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Дубенец, Столінскі раён (Бережновский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- с. Дзівін [Дывін; Дывын; Дывэн], Кобрынскі раён (Дивинский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- аг. Куранец, Вілейскі раён (Куренецкий c/c), Мінская вобласць, Беларусь
- в. Замшаны, Маларыцкі раён (Малоритский c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Адамова [Гадамова], Драгічынскі раён (Осовецкий c/c), Брэсцкая вобласць, Беларусь
- в. Камена [Камена], Вілейскі раён (Стешицкий c/c), Мінская вобласць, Беларусь
- гп Езярышча, Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь
- в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі раён (Ляденский c/c), Мінская вобласць, Беларусь
- г. Шчучын, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь
- Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь
- Брэсцкая вобласць, Беларусь
- Беларусь
- Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць, Беларусь
- Магілёўская вобласць, Беларусь
- Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
- Мінская вобласць, Беларусь
- Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь
- Гомельская вобласць, Беларусь
- Чашніцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь
- Віцебская вобласць, Беларусь
- Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь
- Гродзенская вобласць, Беларусь
- Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь
- Чавускі раён, Магілёўская вобласць, Беларусь
- Магілёўскі раён, Магілёўская вобласць, Беларусь
- Мазырскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь
- Маладзечанскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
- Столінскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь
- Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь
- Вілейскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
- Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь
- Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь


Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.