Аўдыётэка → Аўдыё выданне:
Песнапенні праваслаўнага богаслужэння ў беларускай этнамузычнай традыцыі
Вокладка
Апісанне
Аўдыякалекцыя «Песнапенні праваслаўнага богаслужэння ў беларускай этнамузычнай традыцыі» — трынаццаты выпуск серыі «Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі».
Своеасаблівасць профілю калекцыі вызначаецца яе скіраванасцю на раскрыццё маштабнай з’явы, якая існуе ў этнамузычнай культуры на перакрыжаванні вуснай народнай і пісьмовай царкоўнай традыцый — «народнага хрысціянства». У цэнтры ўвагі — перанясенне народжаных хрысціянскай культурай вобразаў у галіну традыцыйных уяўленняў вясковых спевакоў, функцыянаванне богаслужэбных жанраў, замацаванне кананічных песнапенняў праваслаўнага богаслужэння ў этнапесенным рэпертуары, паказ узораў гімнаграфіі ў выканальніцкіх версіях носьбітаў вуснай традыцыі.
Калекцыя змяшчае вуснатрадыцыйныя версіі праваслаўных песнапенняў, запісы якіх былі зроблены ў разнапланавых экспедыцыях 1978–2016 гг.: у межах палявой музычна-этнаграфічнай практыкі студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Л. Касцюкавец, Т. Якіменка, Т. Бярковіч, В. Прыбыловай; у сумеснай экспедыцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі і Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Вітала пад кіраўніцтвам Т. Бярковіч, Т. Канстанцінавай і А. Бейтанэ; у асабістых экспедыцыйных даследаваннях К. Крывашэйцавай, Т. Канстанцінавай, В. Прыбыловай, Н. Даніловіч, І. Мазюк. Геаграфія аўдыязапісаў ахоплівае 27 адміністрацыйных раёнаў Беларусі, 2 прыгранічныя раёны Расіі і 1 раён Украіны.
Выданне складаецца з двух кампакт-дыскаў і брашуры, у якую ўвайшлі артыкулы на беларускай, рускай і англійская мовах, каментарыі, нотна-тэкставыя і ўласна тэкставыя транскрыпцыі 21 аўдыятрэка, 16 фотаздымкаў.
СD 1 улучае этнафанійныя версіі праваслаўных песнапенняў Ражства Хрыстова (№ 1–33), Усяночнага трывання, Літургіі і Паніхіды (№ 34–49). СD 2 раскрывае панараму этнафанійных версій песнапенняў чынапаслядоўнасці Пасхі (№ 1–38), Двунадзясятых свят і шанавання святых (№ 39–49). У калекцыю ўвайшлі два парадыйных узора, у якіх жартоўныя паэтычныя тэксты спалучаюцца з 4-м трапарным гласам (СD 1, № 33; СD 2, № 50).
Аўтар-складальнік (муз. частка, уступ. артыкул, каментарыі): Кацярына Чарнова. Транскрыпцыя, камп’ютарны набор напеваў і песенных тэкстаў: Кацярына Чарнова, Васіліна Прыбылова. Мастэрынг гуказапісаў: Сяргей Багданаў. Тэкставыя рэдактары: Міхаіл Казіміраў, Таццяна Канстанцінава, Леанід Шчукін. Апрацоўка фотаздымкаў: Настасся Даніловіч. Макетаванне, вёрстка: Васіліна Прыбылова. Дызайн вокладкі: Аляксандр Прыбылоў, Настасся Даніловіч. Кіраўнік праекта, галоўны рэдактар: Таццяна Бярковіч.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.