У лютым 1996 года спаўняецца 70 гадоў вядомаму беларускаму фалькларысту i этнолагу, намеснiку дырэктара Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору АН Беларусь па навуковай рабоце, доктару фiлалагiчных навук, прафесару Анатолiю Сямёнавiчу Фядоску.
А.С.Фядосiк нарадзiўся 7 лютага 1926 года ў весцы Кашэвiчы Петрыкаўскага раёна Палескай вобласцi (цяпер Гомельская вобласць) ў сялянскай сям'i. Вучыўся ў Кашэвiцкай сярэдняй школе. А затым, як i ў многiх яго равеснiкаў, юнацкiя гады вучонага былi апалены полымем другой сусветнай вайны. У свае пятнаццаць год ён быў залiчаны байцом-разведчыкам 125 Капаткевiцкай партызанскай брыгады Палескага злучэння. Пра дзеянш гэтай брыгады 1 свае нялёгкае партызан-скае жыццё Анатолiй Сямёнавiч падрабязна напiсаў у кнiзе "Партизанская быль не забыта" (Мн., 1990).
Пасля вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў ваяваў на 3-м Беларускiм фронце камандзiрам аддзялення разведкi. У сакавiку 1945 года камандаванне Чырвонай Армii накiравала здольнага байца на вучобу ў Арлоўскае танкавае вучылiшча iмя М.В.Фрунзе, адкуль праз год ён быў дэмабiлiзаваны. Працягваў працаваць у родных мясцiнах, спачатку настаўнiкам, завучам Кашэвiцкай сямiгодкi Капаткевiцкага раёна (1946 -- 1949), а затым дырэктарам сярэдняй школы ў вёсцы Сiнкевiчы Лунiнецкага раёна (1949 -- 1955) i Мiкашэвiчах (1955 -- 1958).
У 1953 годзе А. С. Фядосiк заканчвае завочна фiлалагiчны факультэт БДУ i ў 1958 годзе паступае ў аспiрантуру Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Акадэмii навук. Арганiзатарскiя здольнасцi i талент вучонага-пачаткоўца хутка заўважылi ў акадэмiчных навуковых колах i ўжо ў апошнi год навучання ў аспiрантуры яму прапанавалi перайсцi на працу ў IМЭФ АН Беларусi. З гэтага часу А.С.Фядосiк актыўна займаецца навуковай дзейнасцю: у 1962 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю, тады ж назначаецца вучоным сакратаром Iнстытута, з 1967 года -- загадчык сектара фальклору i адначасова з 1969 года працуе намеснiкам дырэктара па навуцы, а ў 1973 годзе абараняе доктарскую дысертацыю.
Навуковая дзейнасць вучонага факусiруецца на даследаваннях сатырычных жанраў беларускага i ўсходнеславянскага фальклору, сямейна-абрадавай паэзii, вуснапаэтычнай творчасцi перыяду Вялiкай Айчыннай вайны, гiсторыi фалькларыстыкi. Яго навуковы багаж складаюць звыш 300 навуковых прац, сярод якiх каля 30 манаграфiй i брашур. Аб надзённасцi i актуальнасцi праблем, якiя ўздымае i даследуе вучоны, сведчаць самi назвы яго прац: "Беларуская народная сатырычная проза" (1969), "Трапным народным словам" (1971), "Развiццё беларускай савецкай фалькларыстыкi" (1977), "Праблемы беларускай народнай сатыры" (1978), "Народная паэзiя барацьбы" (1981), "Фальклор i "масавая культура" (1986), "Каляндарна-песенныя, абрадавыя i гульнёвыя традыцыi славян у мiнулым i сучасным" (1988), "iлюзорнасць i сапраўднасць: "белыя плямы" у гiсторыi фалькларыстыкi 20 -- 30-х гадоў" (1991), "Беларуская сацыяльна-бытавая казка" (1995) i многiя iншыя.
Штогод вучоны прымае ўдзел у фальклорных экспедыцыях, займаецца збiраннем вуснапаэтычнай творчасцi нашага народа. Архiў IМЭФ АН Беларусi ў сваiх фондах налiчвае на сёння не адну тысячу фальклорна-этнаграфiчных запiсаў, уласна зробленых Анатолем Сямёнавiчам у розных вугалках беларускай зямлi. Лепшыя ўзоры фальклорнай спадчыны вучоны друкуе ў перыядычных выданнях i асобных кнiгах. Яго пяру належаць фальклорныя зборнiкi "Народная спадчына" (1983), "Чаго на свеце не бывае" (1990) i iншыя.
Па iнiцыятыве А. С. Фядосiка i пры яго непасрэдным удзеле ў 1975 годзе ў IМЭФ АН Беларусi пачынаецца праца над шматтомным выданнем беларускага фальклору. Сёння серыя "Беларуская народная творчасць" налiчвае звыш 40 тамоў. Гэта фундаментальны акадэмiчны помнiк айчыннага фальклору, падобнага якому не мае нi адна славянская краiна. Вучоны з'яўляецца галоўным рэдактарам шматлiкiх кнiг з гэтай серыi, а таксама аўтарам-укладальнiкам тамоў "Сацыяльна-бытавыя казкi" (1976) i "Жарты. Анекдоты. Гумарэскi" (1984). За кiраўнiцтва, рэдагаванне i ўдзел у выданнi серыi "Беларуская народная творчасць" у 1986 годзе вучоны ўзнагароджваецца Дзяржаўнай прэмiяй Беларусi.
Актыўная пазiцыя беларускага фалькларыста i этнографа праявiлася i ў маштабе сусветнай навукi. Ён перыядычна выступае з цiкавымi дакладамi па надзённых i праблематычных пытаннях сучаснай фалькларыстычнай навукi i славяназнаўству на розных рэспублiканскiх i мiжнародных навуковых форумах. Працаваў у якасцi члена камiсii славянскага фальклору пры Мiжнародным камiтэце славiстаў (1983), прадстаўнiком Беларусi ў Камiтэце ўрадавых экспертаў пры ЮНЕСКА па пытаннях захавання фальклору (1982, 1985), на працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў неаднаразова прадстаўляў Беларускi камiтэт на мiжнародных з'ездах славiстаў. Навуковыя даклады А.С Фядосiка друкавалiся ў Польшчы, Балгарыi, Чэхаславакii, Грэцыi, Францыi. У 1990 годзе па iнiцыятыве Прэзiдыума АН Беларусi ўрад рэспублiкi прысвоiў вучонаму званне заслужанага дзеяча навукi Беларусi.
А.С.Фядосiк удзяляе вялiкую ўвагу фалькларыстычнай педагагiчнай навуцы i падрыхтоўцы навуковых кадраў з лiку аспiрантаў i саiскальнiкаў. Ён з'яўляецца адным з аўтараў вузаўскага падручнiка "Беларуская вусна-паэтычная творчасць", хрэстаматыi па беларускаму фальклору, праграмы па курсу фальклору для фiлалагiчных факультэтаў ВНУ. За гады працы ў IМЭФ АН Беларусi вопытны вучоны-педагог даў пуцёўку ў жыццё 18 кандыдатам i 2 дактарам навук. Гэта менавiта i ёсць тая школа, якой можа заслужана ганарыцца любы настаўнiк. У гэтым жа накiрунку А.С.Фядосiк звыш 20 год працуе намеснiкам Старшынi Савета па абароне кандыдацкiх (а цяпер ужо i доктарскiх) дысертацый па спецыяльнасцi фалькларыстыка i этналогiя. За актыўную педагагiчную i навуковую дзейнасць у 1981 годзе яму было прысуджана вучонае званне прафесара фiлалогii.
За непасрэдны ўдзел у абароне краiны ў гады Вялiкай Айчыннай вайны i сумленную навуковую працу ўрад былой Савецкай краiны ўзнагародзiў Анатолiя Сямёнавiча Фядосiка Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусi, ордэнам Айчыннай вайны II ступенi i 14 медалямi, сярод якiх "За адвагу", "Партызану Вялiкай Айчыннай вайны I ступенi", "За працоўную доблесць" i iншыя.
Сёння юбiляр у росквiце свайго творчага таленту. Ён актыўна працягвае працу ў галiне беларускай фалькларыстыкi i славяназнаўства, шырока папулярызуе народную спадчыну беларусаў, займаецца шматграннай грамадскай дзейнасцю. Вучнi i калегi Анатолiя Сямёнавiча Фядосiка шчыра вiншуюць яго з 70-гадовым юбiлеем i зычаць яму яшчэ не адзiн дзесятак год выходзщь на Юраўскiя росы, спiваць крынiчную вадзiцу беларускай зямлi, адчуваць цяпло i ласку Даждзьбога! Новых Вам творчых здзяйсненняў i поспехаў!
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.