Персаналіі → Персаналія:
Хамянтоўская Зоф'я / Zofia Chomętowska
Біяграфія
Соф’я Катажына Хамянтоўская (па-польску: Zofia Katarzyna Chomętowska, 8 сьнежня 1902, Парахонск — 20 траўня 1991, Буэнас-Айрэс) — выбітная польская фатографка, якая значную частку сваіх прац прысьвяціла беларускаму Палесьсю.
Першы фотаапарат ёй падараваў бацька ў 1914 годзе. З 1928 фатаграфавала фотаапаратам «Leica». Фатаздымкі друкавала ў віленскім тыднёвіку «Świat» і высылала на шматлікія выставы ў Польшчы і заграніцу. Маляўнічыя і недаступныя тэрыторыі, а таксама іх жыхары, сталі першым натхненьнем для яе твораў. Нягледзячы на арыстакратычнае паходжаньне, яна здолела ўвайсьці ў асяродзьдзе палешукоў і стаць бесстароньнім назіральнікам за іх звычаямі.
Разам з Тадэвушам Пжыпкоўскім была фотасэрвесанткай выставы «Варшава абвінавачвае» (1945) — першай паваеннай польскай фотавыставы ў Нацыянальным музэі ў Варшаве, іншых гарадах Польшчы і за мяжой. Здымала ў акупаванай Варшаве, падчас Варшаўскага паўстаньня. Тады ж выратавала і вынесла з гораду нэгатывы, якія пазьней падаравала Гістарычнаму музэю Варшавы.
Пасьля вайны ў музэй патрапіла каля пяці тысячаў яе нэгатываў з пэрыяду 1923—1939 ды 1945—1947 гг. Нэгатывы, якія прадстаўляюць у асноўным даваенную Заходнюю Беларусь і Палесьсе, Хамянтоўская перадала Эмілі Барэцкай — арганізатарцы першай пасьляваеннай выставы «Паўстагодзьдзя Варшавы на фатаздымках Соф’і Хамянтоўскай».
Сама Хамянтоўская пераехала ў 1947 годзе ў Аргентыну. Падчас жыцьця там, на працягу 30 гадоў не займалася фатаграфіяй. У 1971 годзе наведала Варшаву.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.