Біяграфія

Археолаг і фатограф з Лепельшчыны

КУСЦІНСКІ МІХАІЛ ФРАНЦАВІЧ  — археолаг, гісторык, краязнавец. Гэта быў адзін з нямногіх памешчыкаў Віцебскай губерні, які, атрымаўшы універсітэцкую адукацыю, паспяхова займаўся сельскай гаспадаркай і адначасова навуковай работай — археалагічнымі даследаваннямі і калекцыяніраваннем.

Міхаіл Кусцінскі нарадзіўся 28 (16) верасня 1829 г. Атрымаўшы першапачатковую адукацыю на Лепельшчыне, ён скончыў Віленскі дваранскі інстытут і юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Але пасля вучобы Міхаіл Францавіч асноўным заняткам выбраў няпростую работу археолага.

Сваю навуковую дзейнасць ён пачаў у 1852 г. археалагічнымі раскопкамі на водападзеле паміж вытокамі рэк Волгі, Дняпра і Заходняй Дзвіны, на радзіме старажытных крывічоў. Паспяхова даследаваў некалькі дзесяткаў курганоў, два гарадзішчы, Гнездаўскі курганны могільнік. Старанна вёў дзённікі раскопак, якія пазней перадаў у Маскоўскае імператарскае археалагічнае таварыства.

Думкі аб родным краі не пакідалі маладога вучонага. Ён разумеў, што Лепельшчына, размешчаная на старажытным шляху «з варагаў у грэкі», была даволі шчыльна заселена. Многія курганы, могільнікі, гарадзішчы, селішчы з'яўляліся пацвярджэннем гэтаму.

У 1855 г. М. Кусцінскі канчаткова пасяліўся ў сваім памесці Завідзічы. Тут ён правёў раскопкі курганных насыпаў у Гутаўскай лясной дачы, у Бяздзедавічах, Завідзічах, каля Бораўна, м. Кублічы, у Лепелі і інш.

У 1861 і 1883 гг. ля м. Кублічы археолаг знайшоў жалезныя сякеры, дзіды, гліняную лямпу з адтулінай для кнота і інш. Сабраная вучоным багатая калекцыя каменных, бронзавых, жалезных, гліняных і інш. прадметаў трапіла ў музеі Віцебска, Расіі, Польшчы. У 1871 г. прыняў удзел у мастацка-археалагічнай выставе ў Менску.

Матэрыялы раскопак М. Кусцінскі фатаграфаваў. Гэта перарасло ў сістэматычнае складанне фотатэкі (першае ў Беларусі) помнікаў старажытнасці Віцебскай і суседніх губерняў. Найбольш плённым вынікам яго шматгадовай працы было стварэнне археалагічнай карты Лепельскага павета.

Захавалася некалькі яго навуковых публікацый у перыядычным друку. Гэта «Заметкі аб археалагічных раскопках у Віцебскай губерні» (1860), «Вопыт археалагічных даследаванняў у Лепельскім павеце Віцебскай губерні» (1865), «Заметка аб знаходках у Віцебскай губерні ў курганах са спаленнем» (1871), «3 заметак аб курганах Лепельскага павета» (1903).

Міхаіл Францавіч вывучаў таксама Барысавы (Дзвінскія) камяні, помнікі XII ст., збіраў этнаграфічныя звесткі аб жыхарах роднага краю.

Яго самаадданая і настойлівая праца стала вядома шырокай грамадскасці. За вялікі ўклад у навуковыя даследаванні Лепельскага краю ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а з 1874 г. — сапраўдным членам Маскоўскага імператарскага археалагічнага таварыства.

Кусцінскія мелі 1180 дзесяцін зямлі (1878) з палямі, лясамі, вадаёмамі, вёскамі, да якіх былі пракладзены грунтавыя дарогі. Міхаіл Францавіч клапаціўся аб паляпшэнні зямлі, праводзіў меліярацыйныя работы. Сляды глыбокіх каналаў захаваліся да нашых дзён.

Шматгаліновая гаспадарка ў маёнтку вялася на высокім агратэхнічным узроўні, выкарыстоўвалася шматполле. Тут вырошчваліся палявыя, агароднінныя і кармавыя культуры, лён. Утрымлівалася вялікая колькасць буйной рагатай жывёлы, коней, авечак, свіней. Вялася селекцыйная работа, прымяняліся арганічныя і мінеральныя ўгнаенні...

Кранаюць і яго гуманныя захады дапамагчы слабым і бедным, што прывяло яго ў рады папячыцеляў Лепельскай павятовай бальніцы. 2 ліпеня 1875 г. калежскі сакратар М.Ф. Кусцінскі быў абраны ганаровым міравым суддзёй Лепельскай акругі.

Памёр знакаміты лепельчанін у 1905 г. Уся яго навуковая і грамадская дзейнасць выклікае глыбокую павагу і ўдзячнасць.

Паводле І.Ю. Януша

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Міхаіл Францавіч Кусцінскі  // Півавар, М.В. Даследчыкі Полацка-Віцебскай даўніны XVI cт. – 1944 г. : даведнік / М.В. Півавар. – Віцебск, 2006. – С. 71–72.
  2. Шарковская, Н.Ю. Археолог-любитель из Завидичей ( о выявленных материалах М.Ф. Кустинского в фондах ВОКМ) / Н.Ю. Шарковская // “Лепельскія чытанні” : (навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля) / склад. А.У. Стэльмах. – Віцебск, 2004. – С. 11–17.
  3. Януш, І. Археолаг з Завідзічаў / І. Януш //  Культура. – 2003. – 12–18 ліп. – С. 14.   
  4. Януш, І. З любоўю да Лепельшчыны / І. Януш //  Краязнаўчая газета. – 2004. – № 3 (студз.). –  С. 2.               
  5. Януш, І. Лепельскі археолаг, краязнавец М.Ф. Кусцінскі / І. Януш // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В.Я. Ланікіна [і інш]. – Мн., 1999. – С. 101–102.

http://vlib.by/PRIDVINIE-11/PERSONS/Kuscinski-MF.htm

Звязаныя лакацыі (месца паходжання, працы)

Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 23.09.2024 15:34:48

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.