Біяграфія

Ісак Абрамавіч Сербаў (25 мая 1871, в. Кульшычы, Прапойскі павет (зараз Слаўгарадскі раён) — 21 студзеня 1943) — беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг. Правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), кандыдат гістарычных навук (1934).

Нарадзіўся 25 мая 1871 года ў вёсцы Кульшычы Магілёўскай губерні (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці). У 1892 годзе скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам у Мінску і іншых гарадах. У 1910—1913 гадах як сябра Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў Беларусь. У 1918 годзе скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. У 1919—1921 гадах працаваў у аддзелах народнай асветы Магілёўскай і Гомельскай губерняў, узначальваў працы па зборы і ахове помнікаў гісторыі і мастацтва. З 1923 года працаваў выкладчыкам, загадчыкам кафедры этнаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1925 года сакратаром секцыі этнаграфіі Інбелкульта. У другой палове 1920-х гадоў даследаваў курганы дрыгавічоў каля Мінска і Мазыра. З 1929 года навуковы сакратар кафедры этнаграфіі і фальклора Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны працаваў выкладчыкам у Тамбоўскім педагагічным інстытуце.

З 1900 года вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэтычную і музычную творчасць беларусаў. Сабраў багатыя калекцыі народнага адзення і мастацтва, на аснове якіх у 1951 годзе быў выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва». Першым сярод беларускіх этнографаў сабраў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоў, вырабаў рамёстваў. Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы і назіранні абагульніў у працах «Сяло Вялікае; Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Вандроўкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915).

У 1920-х гг. праводзіў раскопкі магільніка 5—8 стст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў каля Мазыра і Мінска, крывічоў уздоўж ракі Ушача, радзімічаў каля Новага Быхава і ў басейнах Проні і Ухлясці. Вывучыў каля 100 насыпаў, даследаваў і зрабіў апісанне больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 344.

Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.12.2024 08:57:43

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.