::
Эстонскі літаратурны музей (Eesti Kirjandusmuuseum) г. Тарту
Назва
Эстонскі літаратурны музей (Eesti Kirjandusmuuseum) г. Тарту
Тып
музэі, архівы, бібліятэкі
Апісанне

Эстонскі літаратурны музей (Eesti Kirjandusmuuseum) г. Тарту па праву мае статус даследчыцкага флагмана ў фалькларыстыцы і культурнай антрапалогіі краіны. Музей быў створаны на базе некалькіх архіўна-бібліятэчных інстытуцый, якія пачалі сваю дзейнасць у пачатку XX ст. (Архіўнай бібліятэкі, Эстонскага бібліяграфічнага фонда, Эстонскіх фальклорных архіваў і Архіваў эстонскай гісторыі культуры, аддзелаў фальклору і этнамузыказнаўства Інстытута эстонскай мовы).

Сёння літаратурны музей збірае помнікі пераважна пісьмовай культуры, якія захоўвае ў сваіх архівах. Музей функцыянуе як цэнтр навуковых даследаванняў эстонскай культуры, ажыццяўляе фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў фалькларыстыцы, літаратуры, гісторыі культуры, этнамузыкалогіі і бібліяграфіі, праводзіць палявыя даследаванні, вывучае эстонскую нематэрыяльную культурную спадчыну, займаецца адукацыйнымі праектамі і шырокай папулярызацыяй вынікаў сваёй дзейнасці.

У структуру музея апроч адміністратыўнага аддзелу ўключаны:

Архіўная бібліятэка, заснаваная ў 1909 г., з’яўляецца адзінай навуковай бібліятэкай краіны, дзе канцэнтруюцца друкаваныя дакументы аб Эстоніі на эстонскай і замежных мовах, а таксама збіраюцца публікацыі па гісторыі культуры Балтыйскага рэгіёна і фіна-ўгорскіх народаў. Бібліятэка мае аддзел бібліяграфіі, які фарміруе аналітычную рэтраспектыўную бібліягарфію выданняў. Колькасць бібліяграфічных запісаў аддзела складае больш чым 2,5 млн адзінак.

Эстонскі архіў гісторыі культуры захоўвае калекцыі рукапісаў (самыя раннія датуюцца XVI ст.), прадметаў мастацтва (фатаграфіі, карціны, гравюры, скульптуру), адыязапісаў і плёнкавых запісаў.

Фальклорны архіў Эстоніі, заснаваны ў 1927 г., – цэнтральны архіў эстонскага фальклору, змяшчае эстонскія матэрыялы і дакументальныя звесткі аб фальклорнай спадчыне фіна-ўгорскіх, а таксама іншых народаў, якія пражываюць ў Эстоніі і ў бліжэйшым замежжы (рускія, літоўскія, латышскія, нямецкія, шведскія, габрэйскія).

Працу па сборы эстонскага фальклору пачаў Якаб Хурт у 1860 г., які далучыў да гэтай справы адукаваных эстонцаў, у асноўным, школьных настаўнікаў. Я. Хурт распрацаваў сітэму парадкавання запісаў, якая ўлічвала фармат, паходжанне і час збору матэрыялаў. Аналагічную збіральніцкую дзейнасць праводзілі М. Эйзен і О. Каллас.

У архіве захоўваецца фальклор ў рукапісах агульнай колькасцю амаль 1,5 млн старнок, калекцыя фатаграфій каля 40 тыс. адзінак, больш за 180 тыс. гукавых дакументаў і амаль 1,4 тыс. відэакасет і фільмаў.

Супрацоўнікі фальклорнага архіва займаюцца даследаваннямі народных спеўных традыцый, розных нартыўных практык, у тым ліку, гарадскіх легенд, традыцыйнай культуры эстонцаў Сібіры, фальклору і вераванняў фіна-ўгорскіх народаў, а таксама праблемамі лічбавага архівавання.

Дзейнасць аддзела фалькларыстыкі скіравана на даследаванне розных жанраў фальклору, фальклорных наратываў і народных вераванняў. На падставе междысцыплінарнага падыходу спецыялісты аддзела вывучаюць традыцыйны і сучасны канэкст бытавання фальклору, гумар у народнай культры, этнаастраномію, этнабатаніку, народную медыцыну. Аддзел праводзіць актыўную палявую работу. Адметна, што спецыялісты маюць устойлівыя працоўныя сувязі з беларускімі фалькларыстамі – у траўні 2016 г. у рамках супрацоўніцтва НАН Беларусі і Эстонскай АН адбылася сумесная навуковая экспедыцыя па тэме “Народная батаніка ў прасторы і часе” ў Любанскі раён.

Аддзел фалькларыстыкі бярэ ўдзел у стварэнні такіх спецыялізаваных часопісаў, як Folklore. Electronic Journal of Folklore, Mäetagused, Reetor, SatorTänapäeva folklooristContemporary Folklore.

Работа аддзела этнамузыказнаўства з дапамогай сучасных сродкаў аўдыя- і відэафіксацыі  сфакусавана на шырокім сацыяантрапалагічным кантэксце збору, даследавання, публікацыі і прамоцыі музычнага фальклору эстонцаў і звязаных з імі этнічных груп. Даследаванні вядуцца ў кірунку гістарычнай архаікі, секундарных формаў этнічнай музыкі і сучасных праяў фальклору.

Звязаныя лакацыі
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 23.11.2024 02:21:23

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.