Апісанне

Гурт з'яўляецца носьбітам эл-та НКС " Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам "Палескія напевы" в. Новае Палессе, Ударненскі с/с, Лельчыцкі р-н, Гомельская вобласць"

Спакон вякоў Лельчыцкі раён славіцца сваімі талентамі, а в. Новае Палессе, якая да 1964 г. называлася Каросцін, – невычэрпная крыніца народнай творчасці, адметнага выканаўчага стылю, унікальнага песеннага рэпертуару. Каб падтрымаць гэты багаты пласт духоўнай народнай культуры ў 2000 г. быў створаны фальклорны калектыў “Палескія напевы”. Галоўная мэта калектыву – захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны сваёй вёскі. Народная песня прыйшла да ўдзельнікаў фальклорнага калектыву “Палескія напевы” з часоў глыбокай старажытнасці. Песенная творчасць в. Новае Палессе жыве, надзейна і беражліва захоўваецца народнай памяццю, перадаецца з пакалення ў пакаленне. У склад калектыву ўваходзяць адзінаццаць жанчын сярэдняга і сталага ўзросту, якія валодаюць самабытным палескім спеўным стылем з яго своеасаблівым тэмбравым каларытам і характэрным артыкуляваннем. У гэтых якасцях спеву раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, непаўторнасць моўных гаворак Лельчыцкага рэгіёна. Гэта носьбіты мясцовых традыцый, якія з’яўляюцца ініцыятарамі адраджэння народных свят і абрадаў, прыцягваюць да гэтай справы іншых жыхароў вёскі, перадаюць свае веды і ўменні малодшаму пакаленню. Песенная культура Гомельскага Палесся выяўляецца ў перавазе і асаблівым развіцці асобных песенных жанраў і жанрава-тэматычных груп, у лакальным асэнсаванні агульнабеларускіх песенных жанраў. Яны ж праяўляюць сябе у характары мелодый песень, якія бытуюць у розных кутках рэгіёна, асаблівасцях інтаніравання, у традыцыях гуртавога і адзіночнага спявання, народнай тэрміналогіі. Цэласная карціна народнапесеннай культуры Гомельскага Палесся раскрываецца ў сукупнасці больш дробных лакальных культур, сярод якіх вылучаецца традыцыя Тураўшчыны, у прыватнасці, той яе часткі, якая месціцца ў басейне рэк Сцвігі і Убарці, і ў якую уваходзіць Лельчыцкі раён, прадстаўлены ў гэтым зборы песеннай творчасцю в. Новае Палессе

У Новым Палессі спачатку хацелі падаць на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці абрад “Грамніцы”. Ён складаецца з карагоду, падчас якога жанчыны-ўдзельніцы гукаюць вясну, трымаючы ў руках асвечаныя ў царкве свечкі. Пасля на санках вязуць да прыдарожнага крыжа ўпрыгожаную ёлку. Звычайна да моманту, калі прыходзяць удзельніцы гурта “Палескія напевы”, на крыжы ўжо вісіць адна ёлка. У Новым Палессі вераць, што спраўдзіцца жаданне таго, хто павесіць дрэўца на крыж першым — гэта своеасаблівы аброк. Таму людзі імкнуцца зрабіць тое яшчэ да ўзыходу сонца. Хаця новапалескія Грамніцы і не былі ўзятыя пад ахову, свята застаецца ў вёсцы самым папулярным. Менавіта на Стрэчанне сюды едуць госці. Між тым, у Новым Палессі святкуюць яшчэ Каляды. Гурт “Палескія напевы” звычайна адкрывае раённае каляднае свята ў Лельчыцах. Гэта не замінае ім калядаваць у роднай вёсцы: па Новым Палессі гурт ходзіць увечары 6 студзеня, а раённае свята звычайна ладзіцца 7-га ці 14-га. Яшчэ ў Новым Палессі святкуюць Дабравешчанне, Юр’я, водзяць Маю на першы дзень Троіцы, робяць Засеўкі, Зажынкі, Дажынкі. Адноўлены па расповедах старажылаў вясельны абрад. Летась нават у сапраўдным вяселлі паўдзельнічалі, усё зрабілі, як належыць. Гурт запрасіла на вяселле ўнукаў былая культработніца. Спадзяемся, традыцыйныя вяселлі набудуць папулярнасць і сярод не звязаных з культурай.

Дакументы на абрад “Грамніцы” не прайшлі экспертызу навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, таму было вырашана засяродзіцца не на свяце, а на стылі выканання традыцыйных песень. “Палескія напевы” не маюць дзіцячага гурта-спадарожніка, таму паўстае пытанне пераемнасці элемента НКС. Арганізоўваюцца паездкі спявачак у школу вёскі Ударнае (з’яўляецца цэнтрам сельсавета і знаходзіцца за 10 км), дзе яны выступаюць, расказваюць дзецям пра традыцыі, удзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах. Дзеці часам наведваюць бабуль: школа выдзяляе аўтобус.

  1. Чырвона каліна / песня, тэкст,аўдыё — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  2. Ты, сівая зезюленька / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  3. Таточко мой, родненькій / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  4. Посею я конапелюшку / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  5. Ох ты, сонцэ мое ясненьке / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  6. Ой, в леску, в леску, на жоўтом песку / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  7. Ой там за бором брала дзеўка лён / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  8. Ой рыкнула товарына пагонам ідучы / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  9. Ой бувало-небувало / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  10. Нешчо в полі курыць-курыць / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  11. Коло мліна каліна / песня, аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  12. Вы гуляйце, дзеўкі / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  13. Волы мое, половые / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  14. Волы мое, половые / песня, тэкст,аўдыё — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  15. Бандарэўна / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  16. А я в бору да жыто жала / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  17. Із суботонькі на недзеленьку годзіна / песня, тэкст,аўдыё — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён
  18. І з суботонькі на недзеленьку / песня, тэкст,аўдыё,ноты — в. Новае Палессе, Лельчыцкі раён

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.