Аўдыётэка → Аўдыё выданне:
PAWA - Žyta
Вокладка
Апісанне
Адбыўся рэліз трэцяга альбома этна-электроннага гурта Pawa, які атрымаў назву "Жыта". Як і ў папярэдніх альбомах, удзельнікі гурта эксперыментуюць з традыцыйнай музыкай у кантэксце сучаснага гучання. На новай кружэлцы нас чакаюць восем песень з розных рэгіёнаў Беларусі – восем гісторый, восем вобразаў.
"Галоўным як для мяне, так і для ўсіх нас было захаваць асноўны змест традыцыйных песень, іх эмоцыі, – кажа дудар гурта Юрась Панкевіч. – Калі гэта журба, дык і гучаць песня мусіць журботна, калі песня жартоўная, то няма сэнсу рабіць з яе нешта штучна глыбокае. Нашы продкі сапраўды ўмелі добра бавіць час і жартаваць. Чым жа мы горшыя за іх?"
""Жыта" – гэта перадусім спроба знайсці сваё адметнае гучанне па-за трэндамі ды стылёвымі ўмоўнасцямі, – дадае Сяржук Шаўчэнка (гітара, спеў). – Мы засяродзілі сваю ўвагу не на тым, што адбываецца навокал нас, а хутчэй на тым, што мы маем самі як калектыў".
Над трэцім альбомам Pawa працавалі год. "За гэты час мы шмат падарожнічалі, і, вядома, гэта было добрай эмацыйнай і творчай ежай для нас, – распавядае Мікіта Седзянкоў (клавішы, спеў). – Сёння мы знаходзімся ў сваёй найлепшай канцэртнай кандыцыі і, маючы за плячыма музычны матэрыял "Жыта" , а таксама папярэднія альбомы, у стане прэзентаваць разнастайную жывую праграму як для аматараў беларускай традыцыі, так і для шырокага кола слухачоў".
Альбом даступны для праслухоўвання ў сацыяльных сетках (vk.com, soundcloud.com). Фізічныя носьбіты былі выдадзеныя пры дапамозе лэйбла Vigma. Таксама альбом Žyta неўзабаве можна будзе набыць у лічбавым фармаце на amazon.com ды ў іншых інтэрнэт-крамах.
Трэкліст
- Dudnik
- Zyta
- Zaihraj Za Mnie, Dudarocku
- Zastukacieli, Zahrukacieli
- Jurja
- Iskarka-Pryhauka
- Kalychanka
- Chodzic Pava Pa Vulicy
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.