Былички Белорусского Поозерья: сборник текстов / сост.: В. Н. Поклонская, О. В. Лапатинская. – Витебск: ВГУ им. П. М. Машерова, 2013. – 74 с.
Палявыя даследаванні этнакультурнай спадчыны беларусаў у пачатку ХХІ ст. набываюць асаблівую актуальнасць і навуковую значнасць з прычыны таго, што абсяг традыцыйнай беларускай культуры імкліва змяншаецца пад уплывам працэсаў дэпапуляцыі вёскі, урбанізацыі і глабалізацыі ў цэлым. У той жа час, як паказвае вопыт і вынікі фальклорна-этнаграфічных экспедыцый апошніх дзесяцігоддзяў, свет беларускай традыцыі ў розных рэгіёнах нашай краіны і на сёння характарызуецца ўнікальным узроўнем захаванасці разнастайных элементаў духоўнай культуры (абрадавы фальклор, народная медыцына, міфалогія прасторы, уяўленні і вераванні). Анталогіі і зборнікі палявых матэрыялаў выклікаюць шчырую цікавасць у даследчыкаў народазнаўчага профілю, бо даюць цудоўную магчымасць усебаковага аналізу сучаснага стану беларускай традыцыйнай культуры як у дыяхроннай, так і сінхроннай (рэгіянальнай) перспектыве.
Зразумелую ўвагу прыцягнуў да сябе і зборнік былічак Паўночнай Беларусі, выдадзены ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, бо гэты жанр фальклору з’яўляецца крыніцай вывучэння міфапаэтычных складнікаў традыцыйнай карціны свету беларусаў. Як пазначана ў прадмове да выдання, складальнікі зборніка – дацэнты ВДУ В. М. Паклонская і В. В. Лапацінская – працавалі над зборам матэрыялу на працягу 2002–2012 гг., калі палявымі даследаваннямі была ахоплена значная частка раёнаў Віцебскай вобласці (апрача Верхнядзвінскага, Докшыцкага, Лепельскага, Расонскага, Ушацкага, Шумілінскага, Чашніцкага рнаў) [c. 5, 69–73]. Аднак некаторыя праграмныя тэзісы, пазначаныя ў прадмове, пры далейшым знаёмстве са зборнікам выклікалі шэраг пытанняў. «Записи были осуществлены в регионе белорусско-русского пограничья (але суаднясенне з пазначаным арэалам Браслаўскага, Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага р-наў ёсць вельмі сумніўным. – У. Л.), поэтому есть тексты и на белорусском, и на русском языках. Последние доминируют. Исполнители – люди разных национальностей и разного вероисповедания, разного уровня образования и пола, разных возрастов и профессий (этнаканфесійная прыналежнасць, узровень адукацыі і прафесія інфармантаў у зборніку ніякім чынам не пазначаецца. – У. Л.). Все 134 былички оригинальные, они ранее не включались в фольклорные издания. Что касается их редактирования, то оно осуществлено весьма корректно» [c. 5].
Просты колькасны аналіз змешчаных у зборніку тэкстаў паказаў, што са 134 былічак, толькі 15 на беларускай мове. На практыцы гэта азначае, што каля 80 % рэспандэнтаў, з якімі нібыта працавалі віцебскія даследчыцы, з’яўляюцца рускамоўнымі людзьмі. З вялікай нацяжкай можна дапусціць, што літаратурная руская мова ёсць прыярытэтнай для жыхароў Віцебска (11 запісаў), але ў дачыненні да вясковых старажылаў рэгіёна падобнае сцвярджэнне выклікае шчырае недаўменне.
У перыяд 1995–2013 гг. палявымі даследаваннямі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі ахоплены ўсе раёны, якія адносяцца да гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларускае Падзвінне. Быў зафіксаваны вялікі аб’ём фальклорнаэтнаграфічных матэрыялаў, сярод якіх запісы на рускай мове (як правіла, насычаныя беларусізмамі) з’яўляюцца адзінкавымі, а іх паходжанне мае абсалютна канкрэтнае тлумачэнне (інфармант доўгі час жыў у горадзе ці іншай рэспубліцы, быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры і г. д.). У астатніх выпадках палявы даследчык мае справу з выразнымі дыялектнымі асаблівасцямі беларускай мовы, якія могуць мець лакальныя адрозненні нават у межах Віцебшчыны.
Дзеля параўнання і большай нагляднасці ніжэй прывядзем узоры запісаў віцебскіх даследчыц і полацкіх (мінскіх) этнографаў і фалькларыстаў, зробленыя прыкладна ў адных і тых жа мясцінах Паўночнай Беларусі. «Речка течет медленно, берега у нее пологие. Почти вплотную к воде подступают рожь и овес. К середине лета они так вытягиваются, что речка начинает казаться гладкой дорогой, пролегающей меж хлебов... Иду я, значит по кладке и вижу: в воде девушка. Лежит вверх лицом, глаза открыты, одной рукой себе грудь гладит. Волосы у нее длинные, по воде струятся, глаза зеленые. Почему я говорю о ней подробно? Потому, что сначала не поняла, кто передо мной» (Зап. В. Паклонская у 2002 г. ад А. А. Кажэмякі, 1912 г. н. у в. Мяжа Гарадоцкага р-на) [c. 57]. «Раньшы жылі едзіналічна. Жыў адзін. І ў яго дачка была, а бацька жыў багата. І вот гаварілі, што ходзіць Бог па зямлі. Абычна гаворюць, старічок. Прішоў к мужыку, а мужык ізгароду гародзіць і вяжыць саломай, не пруцьцем, а саломай. А Бог падышоў дый гаворіць: Што ты дзелаеш? – Згароду гараджу. – А чаго ты саломай вяжаш? Нада лажыць жардзінку. А ён гаворіць: На мой век хваціць. А раньшы людзі зналі, калі паміраць. Вот ён Богу так атвеціў. А как ты узнаў? Ён Богу і расказаў. Вот Бог з таго дня зьдзелаў так, што чалавек не знаець». (Зап. Т. Валодзіна, У. Лобач у 2009 г. ад Яўгеніі Іванаўны Яшчанкі, 1934 г.н. у в. Езярышча Гарадоцкага р-на.)
Прывядзем адпаведныя прыклады з Сенненскага раёна: «В прошлом году, накануне Дзядов, я легла спать как обычно со своей сестрой Анютой. Ночь выдалась пасмурная. Слышно было, как по окнам хлестал дождь, а за стеной гулял ветер. Анюта уснула сразу и даже чуть похрапывала. Мне не спалось. Я ворочалась с боку на бок. И вдруг передо мной появился весь в белом мужчина. Он внимательно смотрел на меня, хотя черты его лица трудно было разобрать. Я попыталась его оттолкнуть, но рука прошла сквозь него» (Зап. В. Лапацінская у 2011 г. ад В. М. Усціновіч, 1918 г. н. у в. Задарожжа Сенненскага р-на) [c. 20]. «Як мы яшчэ жылі ў маткі, дык сасед быў. У Нямойце, тожа к яму прыязджалі вады. Бываюць харошыя чараўнікі і дрэнныя. Вот еслі харошы чараўнік даець ваду, памагаець, тады і смерць яму лёгкая. А гэты дзед, кажуць, цэлую нядзелю паміраў. Відзіця, дрэнны быў. Ён мог і на скаціну. І малако ў людзей адбіраў. Матка мая расказывала, Аўдакім цэлую нядзелю паміраў, пакуль не ўзадралі над ім столь. Тады памёр. Каранеўскі. Гаворуць яшчэ, як адбіраюць у людзей у кароў малако, дык як памрэць, дык кажуць із-пад яго і малако цячэць. Знай, што ён дрэнны». (Зап. Т. Валодзіна, У. Лобач у 2008 г. ад Яўгеніі Міхайлаўны Галавач, 1929 г. н. у в. Нямойта Сенненскага р-на.)
Падобныя прыклады і паралелі можна прыводзіць па ўсіх тэкстах зборніка. Але не трэба быць вялікім спецыялістам у галіне філалогіі і мовазнаўства, каб не заўважыць розніцу ў прыведзеных фрагментах паміж жывой гутарковай мовай з выразным дыялектным каларытам і літаратурнымі канструктамі з адпаведным стылем, лексікай і моўнымі выразамі. Застаецца толькі здагадвацца, што змусіла ўкладальніц зборніка пайсці на такую відавочную фальсіфікацыю і рэпрэзентацыю рэальнага моўнага ландшафту Віцебшчыны ў скажоным да непазнавальнасці выглядзе. Можа быць, гэта стала праявай гіпертрафіраванай і няправільна ўсвядомленай адданасці прафесіі, бо, як пазначана ва ўводзінах, «изучение жанра быличек осуществлялось... во время фольклорных практик студентов 1-го курса филологического факультета (специальность «Русская филология») [c. 20].
Разам з тым базавым патрабаваннем да фіксацыі фальклорных тэкстаў ёсць дакладная перадача збіральнікам усіх моўных асаблівасцяў твора і абсалютная недапушчальнасць літаратурнай апрацоўкі з боку даследчыка. Гэтыя нормы даводзяцца на ўзроўні аксіёмы ўжо студэнтам-філолагам, і не ведаць пра іх кандыдаты філалагічных навук не маглі. Такім чынам, сцвярджэнне В. Паклонскай пра тое, што апублікаваныя былічкі арыгінальныя (аўтэнтычныя), а іх рэдагаванне было здзейснена «весьма корректно» ёсць цынічнай спробай увесці ў зман патэнцыйнага чытача.
Укладальніцы зборніка не абмежаваліся перакладам палявых запісаў (калі такія мелі месца) на літаратурную рускую мову, але выявілі сябе смелымі «эксперыментатарамі» і «наватарамі» ў галіне даследавання моўнай сітуацыі на Беларускім Падзвінні. У прыватнасці, як навуковае адкрыццё можа разглядацца той факт, што афіцыйнае двухмоўе ў Рэспубліцы Беларусь укаранілася ў жыцці вяскоўцаў Віцебшчыны.
Адзін і той жа інфармант (Н. І. Чванова, 1917 г. н., в. Ляды Дубровенскага р-на) выяўляе ў запісах В. Паклонскай вытанчаны і дасканалы дар білінгвізму, лёгка пераходзячы з беларускай на рускую літаратурную мову: «Цяжка ў такое паверыць, але што было, тое было. Прыгледзілі мы з мужам невялікую палянку на беразе рэчкі. Вырашылі познім вечарам, каб ніхто не ўбачыў, яе выкасіць, а траву ў нашых мяшках перанесці дадому (запіс № 1)»; «Лет по десять-одинадцать нам было тогда. Летней ночью пять человек (трое ребят да две девчонки) отправились на погост. Отчаянные, мы хотели удостовериться: правда ли, что по ночам покойники из могил встают... (запіс № 99)». Відавочна, што такая моўная практыка для 92-гадовай вясковай жанчыны абсалютна не характэрная.
Падобны прыём выкарыстоўвае і В. Лапацінская, у запісах якой рэспандэнтка Т. Б. Сашына (в. Білева Віцебскага р-на) валодае як беларускім, так і рускім красамоўствам: «Едзе ён і бачыць: над магілай Паўрубля стаіць зялёны шар. Раптам ён падымаецца ды плыве, ды так хутка, што амаль наганяе вершніка» (запіс № 2); «Бабушка моя, Аграфена Кирилловна, жила на самом краю деревни. С детства я привязалась к ее уютной избе с геранью на подоконниках, жаркой печкой, запахом свежеиспеченного хлеба...» (запіс № 103). Такім жа чынам прамаўляе і А. Л. Іванова, 1914 г. н. з в. Смалакур Гарадоцкага р-на (запісы № 11, 19, 22, 23, 39), а таксама В. А. Бялоў (запісы № 27, 29, 30, 40, 41, 64, 65). Зрэшты, у апошнім выпадку ўкладальніцы зборніка так і не вызначыліся з полавай ідэнтыфікацыяй інфарманта, бо мужчына прамаўляе ад першай асобы даволі дзіўным чынам: «Я налила в бутылку молоко и постаралась побыстрее выпроводить цыганку. Начался сенокос и муж повредил ногу... В декабре я родила сына» (запіс № 40). Такая ж гендэрная няпэўнасць характарызуе запіс, нібыта зроблены ад Б. Э. Чарскага, 1983 г. н.: «Не боитесь ли вы, Мария Гавриловна? – почти задыхаясь от волнения, спросила я» (запіс № 69). Аналагічная сэксуальная трансфармацыя ўласцівая ў зборніку і для жанчын-рэспандэнтак: «Чтобы взбодрить себя, попробовал тихо запеть: “Любили девушки и нас...” – дзеліцца перажытым Ю. Ф. Шэўлякова, 1922 г. н. (запіс № 82); «Смолоду я был парень заводной...» – шчыруе з віцебскімі аматаркамі фальклору А. І. Мурашкіна, 1926 г. н. (запіс № 115). Зразумела, што кожны палявы даследчык імкнецца запісаць эксклюзіўны, рэдкі матэрыял, каб узбагаціць айчыннае народазнаўства ўнікальнай першакрыніцай, але ў дадзеным выпадку прага віцебскіх збіральніц да сенсацый пераўзыходзіць усе разумныя межы.
Не адстаюць ад вясковых жанчын у таленце красамоўства і мясцовыя мужчыны. Калі чытаеш запісы, нібыта зробленыя В. Лапацінскай ад 73-гадовага жыхара в. Чурылава Мёрскага р-на, не пакідае адчуванне, што пажылы вясковец удасканальваў сваё майстэрства мастацкага маўлення як мінімум у літаратурных гуртках: «Раптам мне пад ногі кінуўся Рыжык: “Малайчына, сабака, сустрэў. Ведаў, што гаспадару спатрэбішся. Вядзі дадому!” Рыжык чамусьці аббег вакол мяне, і я рушыў услед за ім» (запіс № 5); «Шесть ночей кряду Надя просыпалась от шепота. Вдруг над нею кто-то наклонялся, слегка стонал и голосом сестры Сони повторял: “Пойдем со мной, пойдем со мной, пойдем со мной...” Сомкнув до боли веки, Надя пряталась с головой под одеяло» (запіс № 88).
Амаль 20-гадовы вопыт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў правядзенні фальклорна-этнаграфічных даследаванняў на ўсёй тэрыторыі Беларускага Падзвіння паказвае, што падобны білінгвізм (дасканалае валоданне літаратурнымі нормамі беларускай і рускай моў) абсалютна не ўласцівы для вясковых жыхароў рэгіёну, якія трывала захоўваюць дыялектныя асаблівасці маўлення. Хутчэй за ўсё, падобныя фальклорныя сімулякры былі змешчаны ўкладальніцамі ў зборніку з мэтай паказаць усю глыбіню моўных кантактаў у зоне віцебскасмаленскага памежжа, што, аднак, спараджае сур’ёзныя сумненні ў рэальнасці такіх запісаў наогул.
Лінгвістычная сваволя ўкладальніц зборніка спалучаецца з абсалютнай неахайнасцю ў пашпартызацыі запісаў, калі ў значнай колькасці выпадкаў персаналіі рэспандэнтаў ці месца правядзення даследавання спараджаюць сур’ёзныя сумненні. Так, запісы № 12, 13, 20, 45, 95 засталіся ў зборніку проста «безгаспадарчымі» – дзе і ад каго яны былі запісаныя ці гэта творы ўласна складальнікаў, зразумець немагчыма. Выклікае пытанні і геаграфія праведзенага даследавання, калі ўкладальнікі зборніка даюць спасылкі на неіснуючыя населеныя пункты: в. Білева Віцебскага, вв. Вырыя, Раіны, Смалакур Гарадоцкага р-на. Часам назва вёскі змяняецца да непазнавальнасці: Кашчэева ў зборніку замест Кошчава Бешанковіцкага р-на.
Дзіўным чынам чараўнік Башмакоў фігуруе ў аповедах з в. Ламачына Аршанскага р-на і в. Смолаўка з Гарадоччыны, хаця гэтыя раёны нават не мяжуюць паміж сабой (запісы № 53, 65). Гісторыя пра летаргічны сон Аляксея Селівестрава, які «всю свою жизнь прожил здесь, в Пальминке» (вёска ў Гарадоцкім р-не. – У. Л.) чамусьці фіксуецца ў в. Еўніна Полацкага р-на [c. 39, 69], дзе, зразумела, пра такога чалавека ніхто ніколі ня чуў. Часам, адны і тыя ж запісы (№ 21, 22) прыпісваюцца абсалютна розным людзям.
У шэрагу выпадкаў інфармацыя пра дату нараджэння інфармантаў катэгарычна пярэчыць аповедам, якія ім прыпісваюцца. «В году так шестьдесят пятом, поздно вечером, возвращались в Смоловку две женщины» – дзеліцца сваімі ўспамінамі нехта Д. А. Сергінка, 1978 (!) г. н. (запіс № 110), але ўзгадкі пра мінулае Н. А. Яноўскай, 1984 (!) г. н. уводзяць чытача зборніка ў стан кагнітыўнага дысанансу: «За несколько дней до войны мы с мужем вернулись от моих родителей... Прошло семь дней, а 22-го июня напали на нас. В июле, также 22-го, мой муж, Богданов Иван Тимофеевич, пал смертью храбрых в бою» (запіс № 124). А калі 35-гадовая жанчына спрабуе разабрацца з часавымі каардынатамі падзеі, пра якую апавядае, складаецца трывалае ўражанне пра сюррэалістычнасць прыведзенага запісу: «Случилось это зимой. В каком году? Сейчас скажу. Мне тогда только исполнилось двадцать три. Стало быть, в тысяча девятьсот шестьдесят первом. Как время бежит! Недавно шестьдесят три отметила!» (запіс № 131).
Ужо па фармальных прыкметах (мова, стыль, пашпартызацыя запісаў) зборнік былічак уяўляе сабой нізкапробную падробку, па сутнасці фэйк, што не мае абсалютна ніякай навуковай вартасці. Зразумела, што ў якасці аўтэнтычных фальклорных крыніц падобнае выданне выкарыстоўвацца не можа, бо і паводле зместу некаторыя запісы нагадваюць хутчэй старонкі бульварных газет, якія спецыялізуюцца на прыгодах і фантастыцы: «Стало ясно: горит что-то на кладбище. Пока до него добрались, сторожка пылала вовсю. Спасти ее было невозможно. А поодаль стояли покойники! Все в белых тапочках» (запіс 74); «Я обернулся. Кто был – не пойму! Ростом за два метра, покрыт шерстью, голова огромная, уши оттопырены, в руках – здоровенная дубина. Так посмотрел на меня, что я прирос к пню» (запіс № 106). Але падрабязнае азнаямленне з выданнем віцебскага ўніверсітэта пакідае шмат пытанняў, якія датычыцца прафесійнай этыкі палявога даследчыка, што працуе ў галіне народазнаўства.
У першую чаргу размова ідзе пра паважнае і тактоўнае стаўленне этнографа ці фалькларыста да носьбітаў традыцыі, калі словы, прамоўленыя імі, павінны быць рэпрэзентаваныя навукоўцам у аўтэнтычным, нескажоным выглядзе. Вельмі часта вясковы чалавек нават і не здагадваецца, дзе і якім чынам будзе выкарыстанае яго апавяданне. Шчырасць у размове – гэта вялікі аванс даследчыку, які павінен прыкласці ўсе намаганні, каб прозвішча рэальнага чалавека не стаяла пад тэкстам, да якога ён не мае ніякіх адносінаў. І цяжка нават уявіць рэакцыю блізкіх людзей і сваякоў, якія прачытаюць у гэтым зборніку пра колішнюю цяжарнасць свайго дзеда.
Этыка прафесіянала выяўляецца і ў адказнасці перад навуковай супольнасцю, якую ён прадстаўляе. Фальшаваны тэкст, фальсіфікат не можа разглядацца як асабістая справа канкрэтнага чалавека, які яго стварыў, бо так ці іначай падробка рэпрэзентуе стан сучаснай айчыннай навукі. У дадзеным выпадку паказальна, што зборнік былічак быў выдадзены ў рамках выканання праекта «Витебщина и Смоленщина в языковых и культурных контактах: история и современное состояние» па гранце Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў (дамова № Г10РП – 009 ад 02.05.2010). Паколькі праект быў рэалізаваны з удзелам расійскіх калег, а вынікі даследавання даступныя абодвум бакам, то няцяжка зразумець, якім убачылі расіяне «современное состояние» моўнага ландшафту Віцебшчыны. Калі ж сюды дадаць жахлівую неахайнасць у афармленні зборніка, то «паслуга» віцебскіх аматарак фальклору ў фарміраванні вобразу сучаснай беларускай фалькларыстыкі ў вачах замежных навукоўцаў з’яўляецца несумненнай.
Калі ж казаць пра педагагічныя аспекты такога роду «навуковай» дзейнасці, то варта канстатаваць: падобныя выданні прывучаюць студэнтаў-філолагаў да думкі, што сфера беларускага фальклору з’яўляецца свайго роду зонай поўнай безадказнасці, а фальсіфікацыі і падлог ёсць цалкам апраўданымі дзеля дасягнення тактычных мэтаў (справаздача па гранце).
І нарэшце пра грамадзянскую пазіцыю і адказнасць даследчыка. Вышэйпрыведзеныя факты яскрава сведчаць, што традыцыйная духоўная культура беларусаў, якая ёсць унікальным феноменам еўрапейскай цывілізацыі ў цэлым, для В. М. Паклонскай і В. В. Лапацінскай з’яўляецца сутнасна чужой і незразумелай. Бо толькі ў гэтым выпадку магчымае такое здзеклівае стаўленне да духоўнай спадчыны беларускага народа.
Незразумелымі застаюцца прынцыпы (manus manum lavat?), якімі кіравалася рэцэнзентка зборніка, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры беларускай літаратуры ВДУ В. І. Русілка. Відавочна, што рукапіс атрымаў станоўчую рэцэнзію і быў ухвалены да друку, хаця не спатыкнуцца на грубыя скажэнні і хібы рэцэнзентка не магла. Хутчэй за ўсё, спрацавала фальшывая карпаратыўная салідарнасць, якая мае вынікам пародыю на фальклорнае выданне і адпаведны імідж віцебскіх філолагаў у вачах айчынных і замежных калег.
P. S. Па зразумелых прычынах, тэрмін «фалькларысты» ў дачыненні да В. М. Паклонскай і В. В. Лапацінскай аўтарам не выкарыстоўваўся.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.