Поўная назва (для бібліяграфій)

Васілевіч Уладзімір - Сага пра Палессе (прадмова да выдання "Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч; Уклад., прадм. У. Васілевіча; Пер. с пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2004")

Звязаныя персаналіі

Гады публікацыі

Карта

Гэты самабытны, спрадвеку акружаны непраходнымі лясамі і багністымі балотамі край заўсёды вабіў да сябе падарожнікаў і паэтаў. Першым сярод іх быў старажытнагрэцкі вучоны, «бацька гісторыі» Герадот, які задоўга да новай эры расказаў у сваіх працах пра наш нікому з іншаземцаў тады не вядомы унікальны куток зямлі. З той пары, як казаў класік, «шмат злажылі казак і легенд і песень людзі пра балоты, пра сваё Палессе».

Але што апрача «песень» ведаем мы пра яго, пра векавечны лад жыцця палешукоў, іх звычаі і традыцыі? Можна сказаць адназначна: вельмі мала. Так, публікацыі вучоных-этнографаў, што закраналі асобныя аспекты тэмы, з’яўляліся ў друку ў ХІХ і ХХстагоддзях. Сістэматызаванага ж, усебаковага паказу жыццёвага ўкладу «людзей на балоце» беларускі чытач доўгі час не меў перад вачыма. Між тым этнаграфічная праца пра Палессе ўбачыла свет яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя. Гэта — фундаментальнае даследаванне Часлава Пяткевіча пра Усходняе Палессе. Толькі напісана яно было на польскай мове і надрукавана за межамі Беларусі, таму заставалася недаступным шырокаму колу чытачоў.

Часлаў Пяткевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1856 г. у вёсцы Бабчын, непадалёку ад Хойнікаў. Маці — Паўліна (родам з Крыжаноўскіх) — была здольнай, таленавітай жанчынай. Усе пяцёра яе сыноў атрымалі хатнюю адукацыю менавіта пад яе кіраўніцтвам. Бацька — Генрык Пяткевіч — служыў старэйшым ляснічым у Прушыне, дзе меў смалакурню. У гэтай лясной забалочанай мясцовасці і прайшло дзяцінства Часлава. За ўдзел у студэнцкім паўстанні яго бацька быў асуджаны на двухгадовае турэмнае зняволенне, у выніку чаго сям’я апынулася на мяжы выжывання. З малых гадоў разам са старэйшым братам Адольфам Часлаў вымушаны быў уласнымі рукамі здабываць хлеб. Ён працаваў у розных смалакурнях і броварах, раскіданых па палескім краі. У 1887 г. Часлаў Пяткевіч пакідае Палессе. Пошукі працы кідалі яго ў самыя розныя мясціны: на Падолле, потым у Семежава пад Слуцкам на Смаленшчыну.

У 1904 г. Часлаў Пяткевіч выязджае на Украіну, дзе на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў працуе аканомам у панскіх маёнтках пад Кіевам. Напэўна, імя звычайнага аканома Часлава Пяткевіча цяпер ніхто не згадаў бы, калі б не яго знаёмства ў 1911 г. з 24-гадовым выпускніком Кракаўскай акадэміі мастацтваў Казімірам Машынскім, які быў хатнім настаўнікам панскіх дзяцей у той жа самай мясцовасці на Кіеўшчыне. Машынскі марыў тады заняцца вывучэннем народнай культуры славян і вельмі зацікавіўся расказамі аканома Пяткевіча пра Палессе, якое той ведаў як свае пяць пальцаў, пражыўшы там — больш за 30 гадоў. На аснове этнаграфічных звестак, запісаных ад Часлава Пяткевіча, Казімір Машынскі пачаў публікаваць у польскім друку даволі цікавыя этнаграфічныя нататкі. Часлаў Пяткевіч, зразумеўшы, якую вялікую каштоўнасць маюць для навукі даследаванні народнага побыту і традыцый, сам загарэўся жаданнем расказаць у друку пра сваё Палессе. А зрабіць гэта ён змог толькі тады, калі разам з братам Зыгмунтам пераехаў у Варшаву, дзе па пратэкцыі свайго маладога сябра Казіміра Машынскага стаў у 1924 г. супрацоўнікам Аддзела эт- налогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства. Узяўся за пяро Часлаў Пяткевіч, мусіць, не без уплыву таксама свайго дзядзькі — пісьменніка Антонія Пяткевіча (Адама Плуга) і старэйшага брата — журналіста і літаратара Зянона Пяткевіча, якія актыўна выступалі ў тагачасным друку.

У 1925 г. у польскім часопісе «Ziemia» (№ 6—8) з’явіўся першы артыкул 69-гадовага Часлава Пяткевіча — «Да пытання гісторыі шкла- робства на Валынскім Палессі», у якім выдатна праявіўся даследчыцкі талент «пачынаючага» этнографа. Другі яго артыкул называўся «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове ХІХ стагоддзя» (Ziemia, 1926, № 18) і даваў добрае ўяўленне пра тагачасныя палескія шляхі зносін, пра масты цераз рэкі, пра паромы, кладкі і ўсё, што было звязана з дарогамі. Грунтоўнасцю, глыбокім веданнем прадмета вызначаліся і такія публікацыі Часлава Пяткевіча, як гісторыка-геаграфічны нарыс «Хойнікі», артыкул «Палессе ў канцы ХІХ стагоддзя (пажары сасновых лясоў і балот)», і іншыя.

Вынікам шматгадовых назіранняў Часлава Пяткевіча над жыццём і побытам насельніцтва Усходняга Палесся стала яго грунтоўная ма- награфія пра матэрыяльную культуру рэгіёна — «Рэчыцкае Палессе», якая выйшла ў 1928 г. у Кракаве асобным выданнем*. Кніга падрабязна знаёміла адукаваны свет з жыццёвымі ўмовамі і прадметамі народнага побыту палешукоў-беларусаў. Прадмову да кнігі напісаў Казімір Машынскі. «Рэчыцкае Палессе», — зазначаў ён, — з’яўляецца адзіным у сваім родзе дакументам. Яно дае дэталёвы вобраз вясковай культуры Рэчыцкага Палесся паміж 1863 і 1888 гадамі, зроблены інтэлігентам, што вёў сялянскае жыццё і пры тым валодаў выдатнай памяццю, у якой адбілася ўсё перажытае з фатаграфічнай дакладнасцю. Калі сёння гэтую кнігу ва ўсёй паўнаце могуць ацаніць толькі прафесійныя этнографы, якія добра арыентуюцца ў народнай матэрыяльнай культуры, то праз сотню гадоў, калі яшчэ болей адыдзе ў змрок мінуласці ўзровень культуры, які тут улічаны, яе ацэніць, несумненна, кожны».

Манаграфія Часлава Пяткевіча вызначалася сапраўднай навуковасцю, надзвычайнай дэталёвасцю. Аўтару ўдалося ў ёй раскрыць усё багацце матэрыяльнай культуры Усходняга Палесся. Чатырнаццаць раздзелаў кнігі асвятляюць літаральна ўсе заняткі і рамёствы палешукоў. Кожны прадмет сялянскага ўжытку зафіксаваны ў ёй не толькі славесна, але і на дакладных малюнках, якіх налічваецца каля 300.

Кніга «Рэчыцкае Палессе» сведчыла пра тое, што ў навуку прыйшоў цікавы і таленавіты даследчык і сур’ёзны працаўнік, які ведаў прадмет свайго даследавання не са звестак інфарматараў, а з уласнага жыцця. Як расказвае ў той жа прадмове Казімір Машынскі, Часлаў Пяткевіч шмат гадоў быў у самым цесным кантакце з палескім сялянствам, усё тое, што апісвае ў сваёй кнізе, ён «бачыў уласнымі вачыма», а «прадметы, намаляваныя тут ім самім, шмат разоў трымаў у руках, значную ж частку іх не раз сам майстраваў», а калі «нязвыклая да малявання рука не была дастаткова паслухмяная, выказваў шкадаванне, што не мае на працоўным месцы падручнага варштату, на якім неабходны прадмет мог бы змайстраваць у поўным памеры ці паменшаным маштабе. Напэўна ж гэта пайшло б у яго нашмат лягчэй і было б яму нашмат прыемней, чым цяжкое і вельмі стамляльнае маляванне. Аднак жа і гэтыя крыху няўмелыя малюнкі маюць для этнографа незвычайную каштоўнасць... Бо тыпы прадметаў і іх канструкцыя перададзены на іх з дакладнасцю, што цалкам задавальняе ўсялякія патрабаванні спецыяліста».

Між тым Часлаў Пяткевіч не думаў абмежавацца асвятленнем толькі матэрыяльнай культуры роднага Палесся. Этнографа вабіў таксама і духоўны свет палескага селяніна, не раскрыты яшчэ тады ў навуковай літаратуры.

За ажыццяўленне сваёй задумы даследчык узяўся адразу пасля выхаду свайго першага манаграфічнага даследавання. Але праца замаруджвалася тым, што ў Аддзеле этналогіі свайго інстытута яму было даручана падрыхтаваць да друку пасмяротнае выданне IV тома «Люду беларускага» Міхала Федароўскага. Гэты том ахопліваў фальклорныя матэрыялы малых жанраў — жарты, загадкі, прыказкі, выслоўі. Шмат працы і сіл было пакладзена Ч. Пяткевічам на ўпарадкаванне запісаў, сабраных М. Федароўскім на працягу 1877—1905 гг., на тлумачэнне і дапаўненне ўласнымі матэрыяламі. Кіраўнік Аддзела этналогіі С. Панятоўскі ўдзел Ч. Пяткевіча ў гэтай справе назваў «неацэннымі паслугамі». Праца над томам была даволі ёмістая. Прызначаныя для друкавання матэрыялы налічвалі каля 28 000 картак, кожную з іх трэба было патрымаць у руках, знайсці ёй адпаведнае месца, выбраць найбольш дасканалыя варыянты і адкінуць слабейшыя.

Ч. Пяткевічу нярэдка даводзілася на старонках «Люду беларускага» ўносіць свае дапаўненні, каментарыі. Такіх карысных «умяшальніцтваў», а фактычна — узбагачэнняў, адзначаных у кнізе фігурнымі дужкамі, было каля 200. Часам трэба было растлумачыць малавядомае слова. Сэнс некаторых прыказак, асабліва на мове, не ва ўсіх тонкасцях зразумелай польскаму чытачу, патрабаваў удакладнення. Ч. Пяткевіч праводзіць паралель між асаблівасцямі ўжывання таго ці іншага выразу ў рэгіёнах, дзе запісваў М. Федароўскі, і тым, што бытуюць на Палессі.

Па заканчэнні працы над фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі Міхала Федароўскага Часлаў Пяткевіч цалкам аддаецца сваёй новай тэме. У друку адзін за адным з’яўляюцца публікацыі пра духоўную культуру і грамадскі побыт беларускага народа — «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (Ziemia, 1930, № 10), «Памерлыя ў вераваннях беларусаў (Pamкtnik Warszawski, 1931, zesz. 2—3), «Вялікдзень на Беларусі» (Ziemia, 1932, № 3), «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (Wiadomości ludoznawcze, 1933, zesz. 1—2) і іншыя. Асобныя артыкулы сталі потым старонкамі манаграфіі «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся»**, якая выйшла ўВаршаве ў 1938 г. праз два гады пасля смерці аўтара.

Як і папярэдняя манаграфія, другая кніга ахоплівае шырокае кола тэм. Пачынаецца яна з раздзела «Арыентацыя ў прасторы і меры», дзе паказваецца народнае ўяўленне пра бакі свету, расказваецца пра тое, як паляшук вымяраў адлегласць, паверхню зямлі, вызначаў і правяраў прамы вугал. Арыентацыі ў часе і звязаным з ёю назіранням за прыроднымі з’явамі прысвечаны наступны раздзел кнігі — «Час». Вымярэнне часу ў самых розных працягласцях, неабходных дзеля выкарыстання той ці іншай справы, было трапна схоплена ў народнай гаворцы: «як волас перапаліць» (1 сек.), «як лусту хлеба з’есці», «як схадзіць у гумно (збегаць у карчму) і вярнуцца», «як вады з калодзезя прынесці», «так доўга, як хлеб у печы сядзіць», «як дзяжа падходзіць». Такія параўнанні давалі палешуку ўяўленне пра час не менш красамоўна, чым дакладныя лічбы.

Заўсёды вабіла чалавека таямнічасць начнога неба. Зоркам, сузор’ям паляшук даваў свае мясцовыя імёны: Вялікая Мядзведзіца мела назвы Воз, Вазок, Карэц; Пляяды — Рэшата; Арыён — Касар, Матавіла; Венера — Зарніца, Вечарніца, Месяцава дружына (ці таварышка). Метэор успрымалі вогненым змеем, які сыпле іскры і нясе няшчасці. Камета, паводле народных вераванняў, нясе памор на людзей, а калі яна хвастом закрые ўсё неба, павінен наступіць канец свету. Але найбольшую цікавасць на начным небе выклікаў, вядома, Месяц. Пра плямы на ім на ўсёй Беларусі існавала легенда, якую Пяткевіч прыводзіць на старонках сваёй кнігі. Кожная квадра месяца мела ў народзе сваю назву: маладзік, падпоўня, поўня, сходнія дні. І з кожнай з іх было звязана шмат павер’яў, прыкмет, прадказанняў на будучыню.

Багатай вобразнасцю надзяляў паляшук атмасферныя з’явы. Дождж называўся самымі рознымі імёнамі. Той, што ішоў ад Юр’я да часу ўтварэння зярнят, звалі «хлебавіком»; той, што ліў падчас жніва, — «гніляком»; праліўны — «урэдным лівуном»; восеньскі дробны дождж — «непагадзь, халяпа». Свае назвы меў і вецер: свістун, ледавік, снегавік, хухач. Віхор называлі «чортавым вяселлем». У спякотныя, спакойныя дні ў час палявых работ існавала перакананне, што вецер можна выклікаць свістам. Народныя назіранні і ўяўленні ахоплівалі літаральна ўсе шматлікія праявы прыроды: хмары, вясёлку, буру, грымоты, пярун, бліскавіцы, град, мароз, іней, снег, зарыва... Асабліва распаўсюджаным у народзе было (і палешукі тут не выключэнне) прадказанне надвор’я паводле розных станаў прыроды. Падаючы свае феналагічныя звесткі, Пяткевіч увесь час паведамляў пра адпаведнікі, якія мелі месца ў папярэдняй этнаграфічнай літаратуры, — у працах П. Шэйна, У. Дабравольскага, М. Федароўскага, К. Машынскага, П. Чубінскага, Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, У. Дыбоўскага, З. і I. Пяткевічаў.

Адносіны палешука да агню, вады, зямлі фармаваліся пад уздзеяннем шэрагу павер’яў, якія часам успрымаліся як жыццёвыя правілы. Так, напрыклад, сезон, калі дазвалялася купацца, абмяжоўваўся дакладнымі датамі: ад пераплаўнай серады (1-я серада пасля Сёмухі), «як Хрыстос пераплыве чэраз ваду, то вада стане цёплая»... і да дня св. Іллі. Нельга было купацца і пасля заходу сонца. Да Благавешчання нельга было араць у агародзе, калі не ворана ў полі. Старыя людзі ўгадвалі неабходную цеплыню зямлі, калі можна пачынаць на ёй работы.

Вялікі раздзел у кнізе складаюць народныя вераванні, звязаныя з жывёльным светам. Яны ахопліваюць ледзь не ўсіх прадстаўнікоў фауны — ад насякомых да млекакормячых. Божай кароўцы былі прысвечаны не толькі агульнавядомыя дзіцячыя прыгаворкі, але таксама варажба: у які бок яна паляціць з рукі, адтуль трэба чакаць сватоў. Надакучлівасць камароў паказваецца ў прыведзеным народным апавяданні. Асаблівай увагаю карысталіся пчолы. Паляшук, убачыўшы мёртвую пчолку, за грэх лічыў сказаць, што яна «здохла».

Шмат прадказанняў на будучыню (часам відавочна прымхлівых) было звязана з асаблівасцямі паводзін птушак. Вобразнай асацыятыўнасцю прасякнуты павер’і пра буслоў. Існавала варажба па птушыных галасах — меркавалі пра колькасць адмераных на жыццё гадоў, пра кошт жыта на рынку.

У наступным раздзеле манаграфіі аўтар прыводзіць некалькі легенд з сацыяльна-класавым гучаннем пра паходжанне людзей на зямлі, пра ўзнікненне багатых і бедных. Вялікую цікавасць маюць легенды пра веліканаў і павер’і.

У аснову раздзела «Гігіена» быў пакладзены раней надрукаваны артыкул «Гігіена ў жыцці палешукоў»***. Гэтая тэма асветлена аўтарам з выкарыстаннем прыказак, жартаўлівых выразаў, загадак. Блізкае да пытанняў гігіены лячэнне людзей і жывёл ад розных захворванняў. Народная медыцына, заснаваная на веданні гаючых уласцівасцяў раслін, дазваляла палешуку пазбыцца розных хваробаў. Адначасова з прыроднай аптэкай, якою шчодра быў надзелены палескі край, селянін нярэдка карыстаўся паслугамі шаптух. «Лячэнне» замовамі, шэптамі было паўсюдным. Гэтаму садзейнічала цяжкадаступнасць і нізкі ўзровень афіцыйнай медыцыны. Калі глянуць непасрэдна на тэксты замоў, пакінуўшы ўбаку ўласна медыцынскі аспект, то нельга не падзівіцца паэтычнасці іх зместу, не ўразіцца шырокаму рэпертуару замоў, якія маглі быць выкарыстаныя пры любым захворванні альбо пры любой жыццёвай сітуацыі. Словы замоў знахар суправаджаў пэўнымі дзеяннямі, якія таксама павінны былі падмацоўваць магічны сэнс усяго акта лячэння.

Спрадвечнае язычніцкае светаўспрыманне аказалася ў палешукоў надзвычай трывалым, нягледзячы на забароны афіцыйнай царквы ў адносінах да хрысціянскіх вераванняў і святкаванняў. Многае з прынесенага праваслаўем і каталіцтвам атрымала народную, сялянскую інтэрпрэтацыю. Хрысціянскія святыя, як некалі прадстаўнікі язычніцкай міфалогіі, сталі героямі фальклорных твораў самых розных жанраў. Ч. Пяткевіч у раздзеле «Хрысціянскія вераванні» выкарыстаў шмат чутых ім на Палессі казак, легенд, прыказак пра Бога, анёлаў, святых. З некаторымі з іх селянін у сваіх выказваннях абыходзіўся запанібрата. Аднак гэта не ўспрымалася ў вуснах народа як блюзнерства. Нябесныя заступнікі сялянскага дабрабыту маляваліся ў вясковым асяроддзі вельмі заземлена. Гадавыя святы сталі ў земляроба арыенцірамі для пачатку ці заканчэння пэўных работ: «Толькі да Іллі паглядай на вуллі» (г. зн. пасля таго дня пчолы больш не раяцца); на Алену (21 мая) рэкамендавалася сеяць лён, каб добры ўдаўся; ад Спаса (6 жніўня) можна было сеяць азімыя і г. д.

Бог маляваўся ў прыказках не толькі як увасабленне дабраты і справядлівасці («Над сіратою Бог з калітою», «Працуй, нябожа, то і Бог паможа»), але і як строгі суддзя ўсіх чалавечых учынкаў («Бог доўга церпіць, да строга наказуе», «Бог шэльму меціць», «Ляцеў, як хацеў, а ўпаў, як Бог даў»). Цікава перадае Пяткевіч уяўленне палешука пра пекла, дзе караюцца ўсе людскія заганы.

Манаграфія Часлава Пяткевіча кожнай сваёй старонкай пераконвае ў дасканалым адчуванні аўтарам моўнай стыхіі, прычым не толькі вуснай, але, можна сцвярджаць, і пісьмовай. Зразумела, трапныя выразы, прыказкі, загадкі, параўнанні этнограф чэрпаў са сваёй выключнай памяці. Але ж у кнізе сустракаюцца апавяданні, казкі, легенды, якія гучаць з бездакорнай дакладнасцю. Зразумела, ніякіх папярэдніх стэнаграм даследчык не рабіў, ды і памяць праз дзесяцігоддзі наўрад ці магла адрадзіць даслоўна тое, што ён на працягу некалькіх год чуў ад сялян (напрыклад, разгорнутыя паданні і інш.). Ён, тонкі знаўца палескай гаворкі, пераказваў на паперы вусныя апавяданні з той максімальнай доляй верагоднасці, з якой яны маглі гучаць у вуснах народа. І гэтае ўзнаўленне нельга назваць ні стылізацыяй, ні тым больш падробкаю, бо праводзілася яно чалавекам найвышэйшай сумленнасці на мове не проста яму блізкай, а той, якая была яму самая родная і любоў да якой ён пранёс да канца жыцця.

Адначасова з вераю ў замовы, у нячыстую сілу жыла ў народзе вера ў дзейсную сілу чараў, якімі нібыта валодалі асобныя людзі, празваныя чараўнікамі, ведзьмарамі або знахарамі. Пералічаныя ў манаграфіі шматлікія чары падзяляюцца этнографам паводле іх функцыянальнага прызначэння на шкадлівыя, зладзейскія, паляўнічыя, любоўныя.

Раскрываючы ў чарговым раздзеле «Духоўнай культуры Рэчыцкага Палесся» музычны свет селяніна, Ч. Пяткевіч падрабязна апісаў працэс вырабу асобных інструментаў: скрыпкі, бубна, дудкі. Акрамя сапраўдных існавалі ў палешукоў інструменты, створаныя іх фантазіяй. Любімым народным інструментам былі цымбалы. Сярод папулярных у народзе танцаў фалькларыст называе «Лявоніху», «Казака», «Жыдоўку», «Мікіту», «Мяцеліцу».

Асобна ў манаграфіі выдзелены раздзел, прысвечаны псіхічнаму жыццю палешукоў. Аўтар адзначаў, што па гэтай тэме народазнаўчая літаратура сабрала яшчэ вельмі мала звестак. «Матэрыялы ў гэтай галіне можа сабраць перш за ўсё той, хто з гэтым народам знаходзіўся амаль з дзяцінства, хто з ім зжыўся, заваяваў яго поўны давер і шчырасць, хто пранік у сферу пачуццяў і зразумеў механізм яго мыслення», — пісаў Часлаў Пяткевіч. Вядома, што сам ён якраз і ўвасабляў такое рэдкае шчаслівае выключэнне— адначасова і прадстаўніка народа, і яго назіральніка. Палескія сяляне, сярод якіх ён пражыў доўгія гады, лічылі яго сваім чалавекам, бо ён жыў аднолькавым з імі жыццём, гэтаксама, як і яны, зарабляў цяжкою працаю на хлеб. Часта вяскоўцы запрашалі яго прымаць удзел у сямейных урачыстасцях. У свой час яму даводзілася нават самому іграць на скрыпцы на сялянскіх вяселлях. Ч. Пяткевіч на падставе апавяданняў, пачутых з вуснаў народа, раскрывае вобраз палешука ў самых розных жыццёвых сітуацыях— вясёлых, сумных, анекдатычных. Якія сцэнкі, якія характары ажываюць на старонках кнігі!

Украсай манаграфіі можна назваць і заключны яе раздзел — «Прыказкі і іншыя гутарковыя звароты», які ахоплівае 1933 нумары фальклорных твораў малых жанраў. Праводзячы класіфікацыю гэтых матэрыялаў, Ч. Пяткевіч вылучыў кожную ўнутрыжанравую разнавіднасць пад асобнымі літарамі, і ўсе групы давялося абазначыць амаль цэлым алфавітам! Яго класіфікацыя парэміяграфічных жанраў Палесся наўрад ці мела да таго часу аналагі ў фалькларыстыцы любога народа. Нават далёка не кожны спецыяліст-збіральнік здолеў бы выявіць такую масу паджанравых адгалінаванняў, убачыць адметнасць кожнай групы.

Найбольшая колькасць запісаў прыпадае, зразумела, на прыказкі і дасціпныя выразы, якія размешчаны ў алфавітным парадку заключаных у іх апорных слоў (часам вылучаецца не адно, а два апорныя словы, і некаторыя прыказкі можна сустрэць у розных месцах). Часта аўтар даваў тлумачэнні малазнаёмым выразам, прыводзіў польскія адпаведнікі, адзначаў варыянты, што трапляліся ў зборах папярэдніх фалькларыстаў. Трэба адзначыць, што вялікая колькасць з прыведзенага Ч. Пяткевічам бытавала ў выключна вузкім рэгіёне і фактычна не мела варыянтаў у іншых фальклорных выданнях. Выкарыстанне іх у манаграфіі павялічыла яе каштоўнасць і значна ўзбагаціла ўяўленне пра найцікавейшы жанр беларускай вуснай творчасці.

Акрамя прыказак і дасціпных выразаў Ч. Пяткевіч асобна вылучаў такія жанравыя разнавіднасці, як блаславенні і пажаданні, тосты, вітанні пры рабоце, прывітанні, развітанні, падзякі, просьбы і мольбы, адмаўленні, нараканні, папрокі, кпіны, пагрозы, зняважлівыя выкрыкі, лаянкі, каламбуры, адказы, жарцікі, выкрыкі і недагаворы. Шырока прадстаўлены праклёны, у якіх можа прысутнічаць і злосць на крыўдзіцеля, і бясшкодная незласлівая інтанацыя; яны могуць быць адрасаваныя жывёлам, мець сацыяльны характар. Шырэй, чым ва ўсіх папярэднікаў-фалькларыстаў, пададзены ў кнізе Ч. Пяткевіча ўзоры пераймання галасоў жывёл і механічных гукаў. Найбольш уражваюць падслуханыя чуйным вухам галасы разнастайных птушак. Механічныя гукі добра ўхоплены ў імітацыі пераліваў царкоўных званоў. Завяршае том невялікая падборка загадак, сярод якіх таксама сустракаюцца не запісаныя нікім да таго часу ўзоры.

Часлаў Пяткевіч не напісаў для сваіх кніг заключэнняў, не зрабіў абагульняльных вывадаў — відаць, ён надта позна прыйшоў у навуку, каб стаць тэарэтыкам. Больш каштоўная для наступных пакаленняў аказалася тая бяспрыкладная па вычарпальнасці інфармацыя ў галіне народнага побыту і культуры Палесся, якая была сабраная ў яго манаграфіях і артыкулах.

Не ўсе працы яго мелі шчаслівы лёс. Калі «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся» хоць і пасмяротна, але была выдадзена і такім чынам засталася захаваная для гісторыі, то рукапіс 3-й часткі яго панарамнай трылогіі, у якой асвятляліся пытанні грамадскай культуры, доўгі час лічылася назаўсёды страчанай. Меркавалася, што яна беззваротна загінула ў агні 2-й сусветнай вайны. Аднак загінула не цалкам. Нечаканы выпадак дазволіў нядаўна выйсці на яе след. Бываючы ў Кракаве, аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся з колішняй асістэнткай Казіміра Машынскага прафесарам Ядвігай Клімашэўскай. Аказалася, што яна была адной з тых, хто непасрэдна рыхтаваў манаграфію Пяткевіча да выдання. Перад самым пачаткам вайны на руках у яе заставалася апошняя частка карэктуры, якую яна не паспела здаць у друкарню. У яе і знайшоўся ўцалелы фрагмент «Грамадскай культуры Рэчыцкага Палесся», які ахоплівае 3 параграфы Х раздзела і ХІ, відаць, заключны. Зроблены яны ў традыцыйнай для Ч. Пяткевіча форме: аўтарскае апісанне шчодра перасыпаецца пададзенай у арыгінале жывой палескай гаворкаю, настолькі дакладна пераказанай, нібыта знятай з магнітафоннай стужкі.

Можна ўявіць, колькі яшчэ аспектаў грамадскага жыцця палешукоў было ахоплена ў кнізе ў яе невядомых нам амаль дзесяці раздзелах. Тое ж, што дайшло да нас, — не зусім звычайная рэч нават для этнаграфічнай літаратуры. Няхай у чытача, які пачне чытаць неспадзявана знойдзеныя старонкі, не складзецца ўражанне пра імкненне Ч. Пяткевіча выставіць, як напаказ, далёка не лепшыя ўчынкі сваіх землякоў: п’янства, крадзеж, ашуканства, круцельства, помсту... Паказваючы ў сваіх працах народ, этнограф ніколі не ачарняў і не высмейваў яго. Але і не прыхарошваў. Аб’ектыўна, з фатаграфічнай дакладнасцю раскрыў ён духоўны свет беларуса-палешука. Паглядзіце, якім вытанчаным пры ўсёй сваёй грубаватасці гумарам прасякнуты разважанні сялян, колькі кемлівасці ў іх дзеяннях! У агульным кантэксце ўсёй трэцяй кнігі прадстаўленыя ў фінале не лепшыя рысы характару і ўзаемаадносіны палешукоў, канешне ж, «ураўнаважваліся» іншымі, станоўчымі іх якасцямі. Але што зробіш, калі тыя раздзелы да нас не дайшлі... Ускосна, праз зноскі, зробленыя яшчэ ў «Духоўнай культуры...», мы даведваемся, што ў заключную кнігу ўваходзілі раздзелы «Гаспадарчы лад», «Старажытныя помнікі паншчыны», «Прававыя звычаі», «Сямейны лад», «Сямейныя абрады» (відаць, там апісваліся хрэсьбіны, вяселле, пахаванні з памінкамі, каляндарныя абрады...), «Вусная літаратура».

Часлаў Пяткевіч памёр у Варшаве 10 кастрычніка 1936 г. і быў пахаваны на Паванзкоўскіх могілках, так і не займеўшы ўласную сям’ю. Нам, сваім нашчадкам, ён пакінуў унікальныя працы, якія даюць поўнае ўяўленне пра жыццё, пра непаўторную традыцыйную культуру насельнікаў усходняй часткі беларускага Палесся. І вось сёння гэтая праўдзівая сага пра наша беларускае Палессе перакладзена з польскай на беларускую мову і вернута з забыцця. Цяпер кожны можа ва ўсёй паўнаце пазнаёміцца з«людзьмі на балоце» — насельнікамі аднаго з запаветных куткоў нашага беларускага краю, што ў канцы XX стагоддзя прыняў на сябе трагедыю чарнобыльскай катастрофы. І ў гэтай сумнай сувязі пакінутая Чаславам Пяткевічам трылогія набывае сёння яшчэ большую каштоўнасць.


* Pietkiewicz Czesław. Polesie Rzeczyckie. Materjały etnograficzne. Częsc 1. Kultura materjalna, z 291 rysunkami w tekscie. — Prace Komisji etnograficznej Polskiej Akademji Umiejętności, № 7. Kraków, 1928.

** Pietkiewicz Czesław. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Materjały etnograficzne. — Prace etnologiczne Instytutu Nauk antropologicznych i etnologicznych Towarzystwa Naukowego Warszawskiego, № 4. Warszawa, 1938.

*** «Lud», 1931, t. XXX, zesz. 1—2, serja II, s. 14—35.

Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.09.2024 04:42:25

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.